Беларусы дзеляцца, як рэгіструюць сваіх катоў. Вось як адбываецца працэдура
З 2026 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць падатак на сабак. Адначасова новыя нормы заканадаўства абавязваюць уладальнікаў рэгістраваць усіх хатніх жывёл, у тым ліку і катоў.
Некаторыя беларусы ўжо зарэгістравалі сваіх катоў і падзяліліся досведам.
Мінчук завітаў у сталічную службу «Адно акно» наўпрост са сваім гадунцом мэйн-кунам. Скрыншот: тыкток
Мінчанка Крысціна выправілася рэгістраваць ката пасля візіту ўчастковага міліцыянера, які напужаў яе яшчэ і тым, што за чатырохлапага трэба заплаціць падатак. Насамрэч падатку на катоў на гэты момант няма — толькі для гаспадароў сабак.
Для афармлення ката варта завітаць у мясцовую службу «Адно акно». З сабой трэба мець пашпарт — ваш і, пры наяўнасці, ветэрынарны пашпарт жывёлы. Калі чарга ў адміністрацыі электронная, абярыце пункт «рэгістрацыя хатніх жывёл», каб узяць талончык.
«Запаўняецца інфармацыя — вашы пашпартныя дадзеныя, мянушка ката, яго год народзінаў, кастрыраваны гадаванец ці не. На рукі пасля выдаецца рэгістрацыйнае пасведчанне. Пазней вас выклічуць, каб забраць жэтон ката», — расказвае Крысціна.
Калі вы не маеце свайго жытла, а здымаеце яго, то з сабой варта будзе мець таксама дамову на арэнду, дзе прапісаны дазвол на ўтрыманне ката (альтэрнатыва — прыйсці на рэгістрацыю разам з уласнікам кватэры).
У сеціве ўжо жартуюць, што катам засталося пачаць выдаваць працоўныя кніжкі, а пасля і пенсійнае пасведчанне.
«У мяне котка хутка народзіць, дзе ўстаць на ўлік, каб атрымліваць дапамогу на 6‑7 непаўналетніх?» — пажартавала адна з беларусак.
Рэгістрацыя жывёл бясплатная. А вось штраф за яе адсутнасць пры выяўленні — ад 1 да 15 базавых велічынь (цяпер гэта ад 45 да 675 рублёў).
Варта дадаць, што ў выпадку смерці жывёлы па законе таксама рэкамендуецца апавясціць пра гэта выканкам ці адміністрацыю вашага населенага пункта, каб ката ці сабаку знялі з уліку.
Як чыноўнікі даведаюцца, што ў мяне жыве кот, калі ён не пакідае кватэру?
У выпадку з сабакамі падатковая інспекцыя ўжо накіравала першыя запыты ў ветэрынарныя клінікі наконт гаспадароў, якія звярталіся да іх у 2025 годзе. То-бок ветэрынары, а таксама ўладальнікі гасцініц для жывёл і кінолагі будуць абавязаныя даваць такую інфармацыю.
Дадаткова пра незарэгістраваных жывёл могуць паведамляць супрацоўнікі ЖКГ, супрацоўнікі міліцыі. Нікуды не дзецца і ад неабыякавых суседзяў.
Дзеля чаго гэта робіцца?
Асноўная мэта рэгістрацый — кантроль колькасці жывёл (так, афіцыйна нельга ўтрымліваць у кватэры больш за двух гадаванцаў), а таксама спрашчэнне пошукаў ката ці сабакі, калі яны выпадкова згубяцца.
У будучыні плануецца стварыць адзіны лічбавы рэестр жывёл, дзе будзе прапісаная ўся іх біяграфія.