Хто тая «варажбітка», з якой раіўся Андрэй Ярмак?
Падчас судовага пасяджэння Вышэйшага антыкарупцыйнага суда па абранні меры стрымання былому кіраўніку Офіса прэзідэнта Андрэю Ермаку 13 мая стала вядома імя асобы «Вераніка Фэншуй Офіс». З ёй тагачасны кіраўнік ОП, верагодна, раіўся наконт прызначэнняў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Паводле слоў пракурора Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры, гэта — Вераніка Анікіевіч. Суд забараніў Ермаку размаўляць з ёю.
У сацыяльных сетках Вераніка Анікіевіч актыўна выказвала сваю падтрымку Андрэю Ермаку
«Схемы» высветлілі, што гэта 51‑гадовая жыхарка Кіева Вераніка Анікіевіч, якая называе сябе кансультанткай па астралогіі. У сацсетках яна актыўна выказвалася ў падтрымку Андрэя Ермака, а ў кантактах карыстальнікаў запісаная як «Вероника Консульт. А.Б.» і «Veronika Anikievich/гадалка Єрмак».
Вераніка Анікіевіч, яна ж Вераніка Даніленка (такое прозвішча мае адна з яе сваячак), называе сябе аўтаркай тэлеграм-канала «Лунные часы». Яна адзначае, што кансультуе па астралогіі: «дапамагаю людзям знайсці яснасць у тэме іх жыццёвых працэсаў». Згодна з яе рэзюмэ, яна скончыла Херсонскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фінансавы аналіз, кантроль і менеджмент».
Журналісты знайшлі яе акаўнт у фэйсбуку і прааналізавалі каментары ў тэлеграм-чатах. Паведамленне Ермаку пра падазрэнне яна пракаментавала як «спецаперацыю Трампа-Пуціна па капітуляцыі Украіны» і назвала НАБУ і САП «падонкамі», якія «прадаліся рускім». Пры гэтым яна заяўляла, што на іх фоне «Зеля» (прэзідэнт Зяленскі) выглядае «з німбам і крыламі за спінай».
«Схемы» таксама ўстанавілі наступныя факты: у 2015 годзе Анікіевіч ездзіла ў Крым, а яе бацька Фёдар Анікіевіч — грамадзянін РФ.
У 2015 годзе ён узначальваў раённае аддзяленне «Апазіцыйнага блока» ў Генічэску і заяўляў, што мужчыны ўцякаюць ад ваенкаматаў, а яго аднапартыйцы «з павагай ставяцца да Расіі».
Мяркуючы па фота за май 2025 года, дзе ён пазіруе з георгіеўскімі стужкамі і сцягамі РФ, ён працягвае жыць у акупаваным Генічэску.
«Схемы» звярнуліся па каментар да Веранікі Анікіевіч, але пасля прадстаўлення журналісткі тая паклала слухаўку.
12 траўня пракурор САП Валянціна Грабянюк заявіла ў судзе, што былы кіраўнік Офіса прэзідэнта, верагодна, быў датычны да пэўных прызначэнняў на высокія дзяржаўныя пасады. Паводле яе слоў, ён абмеркаваў гэта з чалавекам, які ў кантактах падпісаны як «Офіс Веранікі Фэншуй». У прыватнасці, ён даслаў гэтай асобе даныя аб датах нараджэння кандыдатаў і папрасіў кансультацыі.
Ермака ўзялі на 2 месяцы пад арышт, але ён можа выйсці пад заклад сумай больш за тры мільёны даляраў. Ярмак праходзіць па справе аб легалізацыі 460 мільёнаў грыўняў на элітным будаўніцтве ў Козіне пад Кіевам (2021—2025 гады). Следства лічыць, што грошы былі «адмытыя» праз узвядзенне катэджнага гарадка на 8 гектарах. Сам Ярмак лічыць абвінавачанні неабгрунтаванымі.