З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд
Найстаражытнейшы мураваны помнік Беларусі рыхтуецца да маштабнай рэстаўрацыі, якая можа вярнуць яму гістарычны выгляд і дае шанец больш шырока раскрыць муры ХІ стагоддзя, якія захаваліся ў куды большых аб’ёмах, чым можна было меркаваць.
Сучасны выгляд Сафійскага сабора ў Полацку. Фота: Наша Ніва
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, якому належыць Сафійскі сабор, размясціў на сайце дзяржаўных закупак заяўку на распрацоўку перадпраектнай дакументацыі, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».
Паводле дзяржаўнай праграмы «Культурная прастора» на 2026—2030 гады, на рамонтна-рэстаўрацыйныя працы ў Сафійскім саборы, які з’яўляецца аб'ектам найвышэйшай 0‑й катэгорыі каштоўнасці і тэарэтычна прэтэндуе на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА, выдзелена 2,4 мільёна рублёў.
На перадпраектную стадыю адведзена чатыры месяцы, з чэрвеня па верасень 2026 года. За гэты час праекціроўшчыкі мусяць правесці комплексныя навуковыя пошукі, уключаючы архіўныя, архітэктурна-археалагічныя і фізіка-хімічныя даследаванні будаўнічых матэрыялаў.
На іх аснове будзе створана архітэктурна-планіровачная канцэпцыя, якая ўключае рашэнні па рэстаўрацыі фасадаў, узмацненні гістарычных канструкцый, стварэнні новай падсветкі прылеглай тэрыторыі і мадэрнізацыі інжынерных сетак. Апошні пункт асабліва важны з улікам спецыфічнага клімату, неабходнага, каб праводзіць у саборы канцэрты і выставы.
З улікам таго, што работы ўключаюць фізіка-хімічныя даследаванні фасадаў, нельга выключаць, што Сафійскаму сабору ў час рэстаўрацыі можа быць вернуты гістарычны барочны каларыт, як ужо было зроблена на касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і былым касцёле Святога Язэпа ў Мінску.
Як сёння вядома, барочныя храмы на Беларусі не былі аднатоннымі і беласнежнымі — такі выгляд яны набылі ў пазнейшыя стагоддзі з меркаванняў гаспадарчай зручнасці догляду за храмамі ў незаўсёды спрыяльных для іх гістарычных умовах.
Яшчэ адной гістарычнай магчымасцю магло б стаць шырэйшае раскрыццё старажытнай муроўкі са схаваным радам, якая захавалася пад пластамі пазнейшага тынку. Сёння на ўсходнім фасадзе, дзе захаваліся першапачатковыя апсіды старажытнарускага храма, муроўка паказаная толькі ў невялікіх зандажах, што не дае дакладнага ўяўлення пра маштабы захаваных муроў XI стагоддзя ў аб’ёме барочнага храма.
Фрагменты слупоў пад падлогай сучаснага храма, выкладзеныя ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам — гэтая тэхніка была своеасаблівай візітоўкай полацкай школы дойлідства, якой трымаліся аж да спынення манументальнага будаўніцтва, нават калі ў іншых рускіх землях ад яе ўжо даўно адмовіліся. Фота: Wikimedia Commons
Полацкая Сафія ўяўляе сабой складаны архітэктурны сімбіёз. Доўгі час лічылася, што арыгінальны храм XI стагоддзя быў цалкам разбураны выбухам у 1710 годзе, калі ў сутарэннях храма падарваўся парахавы склад расійскай арміі.
Але нядаўнія гістарычныя дыскусіі ставяць маштаб разбурэнняў пад сумненне: падобна, што старажытнарускія муры захаваліся ў куды большым аб’ёме, чым традыцыйна лічылася, і новы барочны храм быў узведзены ў XVIII стагоддзі па праекце славутага архітэктара Яна Глаўбіца не на месцы ранейшага, а быў упісаны ў яго ранейшы аб’ём, максімальна захоўваючы аўтэнтычныя сцены.
Муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе Сафійскага сабора, выяўленая ў час даследавання храма спецыялістамі Спецыяльных навукова-вытворчых майстэрняў. Фота: БДАНТД, ф. 91
Муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе Сафійскага сабора, выяўленая ў час даследавання храма спецыялістамі Спецыяльных навукова-вытворчых майстэрняў. Фота: БДАНТД, ф. 91
Першая маштабная рэстаўрацыя помніка пачалася ў 1969 годзе. Тады перад спецыялістамі навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў БССР стаяла канцэптуальная задача адначасова паказаць дзве розныя эпохі. Пад кіраўніцтвам архітэктара Валерыя Слюнчанкі пад падлогай сабора XVIII стагоддзя стварылі спецыяльную аглядную пляцоўку, з якой дагэтуль можна пабачыць рэшткі апорных слупоў і муроў XI стагоддзя. У 1983 годзе ў будынку адкрылі канцэртную залу на 304 месцы, а яшчэ праз два гады ўсталявалі чэшскі арган фірмы «Riеger Kloss».
Натурныя даследаванні храма, праведзеныя ў час той рэстаўрацыі, паказалі, што муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе захавалася на ўсю вышыню вонкавых сцен аж да карнізаў, а ў месцы вежы — вышэй за іх.
Раскрыццё сцен XI стагоддзя дазволіла б паказаць рэдкі прыклад старажытнарускай архітэктуры на беларускіх землях. Вялікія зандажы на гістарычных апсідах калісьці былі зроблены і ў кіеўскай Сафіі, якая сёння таксама мае барочнае аблічча.
Зандажы на ўсходніх апсідах Сафійскага сабора, якія раскрываюць невялікія фрагменты аўтэнтычнай муроўкі XI стагоддзя, сёння, паводле ацэнкі спецыялістаў, знаходзяцца ў жудасным стане. Фота: Wikimedia Commons
Аднак раскрыццё старажытнага мура мае і адваротны бок — адкрыты для атмасферных уздзеянняў, ён разбураецца. Расійскія спецыялісты, якія займаліся рэстаўрацыяй другога ўнікальнага помніка старажытнарускага перыяду ў горадзе, Спаскай царквы ў Ефрасінеўскім манастыры, адзначалі, што зандажы на Сафійскім саборы знаходзяцца ў жудасным стане. На самой Спаскай царкве ў час апошняй рэстаўрацыі вялікія раскрыцці на фасадах, дзе былі выяўлены ў тым ліку паліхромныя размалёўкі і архітэктурны дэкор, былі закрытыя шклянымі экранамі.
Апошні раз маштабныя працы на фасадах Сафіі праводзіліся ў 2017 годзе, напярэдадні 500‑годдзя беларускага кнігадрукавання. Тады будаўнікі паднавілі амаль 6500 квадратных метраў вонкавых сцен, дасягаючы верхніх ярусаў вежаў на вышыні 51 метра з дапамогай спецыяльных аўтавышак.
Чытайце таксама:
Навукоўцы расказалі пра складанасці і правакацыі пры рэстаўрацыі найстарэйшага храма Беларусі
Трагедыя Чорнай царквы. Як у 1920‑я навукоўцы спрабавалі ўратаваць помнікі БССР ад пралетарыяў
На Новым замку ў Гродне адшукалі падмуркі старажытнага храма, падобнага па архітэктуры да Каложы