ЗША і Кітай пагадзіліся, што Іран ніколі не будзе валодаць ядзернай зброяй
Па выніках двухбаковай сустрэчы ў Пекіне Дональд Трамп і Сі Цзіньпін дасягнулі шэрагу важных пагадненняў у сферы энергетыкі і міжнароднай бяспекі — Белы дом назваў перамовы паспяховымі, адзначыўшы ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі.
Сі Цзіньпін і Дональд Трамп у Пекіне, 14 мая 2026 г. Фота: Kenny Holston / Pool Photo via AP
Згодна з паведамленнем Белага дома, абодва лідары пагадзіліся з тым, што Іран ніколі не павінен атрымаць доступ да ядзернай зброі.
Бакі таксама падкрэслілі, што Армузскі праліў павінен заставацца адкрытым для свабоднага патоку энерганосьбітаў. Сі Цзіньпін выступіў супраць мілітарызацыі гэтага воднага шляху і любых спроб спаганяць плату за яго выкарыстанне.
Паводле звестак Белага дома, Кітай таксама выказаў зацікаўленасць у павелічэнні закупак амерыканскай нафты, каб знізіць сваю залежнасць ад паставак праз Армузскі праліў у будучыні.
Абмяркоўвалася падчас сустрэчы таксама пашырэнне доступу амерыканскіх кампаній на кітайскі рынак, павелічэнне кітайскіх інвестыцый у эканоміку ЗША, а таксама рост закупак амерыканскай сельгаспрадукцыі.
Падчас сустрэчы Дональд Трамп назваў Сі Цзіньпіна «вялікім лідарам» і заявіў, што адносіны паміж краінамі будуць «лепшымі, чым калі-небудзь раней». Сі Цзіньпін, у сваю чаргу, адзначыў, што ЗША і Кітай павінны быць «партнёрамі, а не спаборнікамі».