У Брэсцкай вобласці атруціліся двое малых: адзін глынуў «кока-колы», другая таблетак
Адзін выпадак зафіксаваны ў Ляхавічах, другі ў Івацэвічах, паведаміў Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
У Ляхавічах трохгадовы хлопчык зайшоў у гараж у двары дома, знайшоў бутэльку ад газаванага напою з вадкасцю. Падумаўшы, што гэта кока-кола, зрабіў глыток. «Напоем» была вадкасць для мыцця рухавіка, якую напярэдадні бацька дзіцяці прынёс у гараж.
Хлопчык шпіталізаваны.
У Івацэвічах чатырохгадовая дзяўчынка дома дастала з шафы на кухні блістэр з таблеткамі і праглынула іх.
Калі бацькі гэта заўважылі, неадкладна даставілі дзіця ў бальніцу, дзе яму зрабілі прамыванне страўніка. Жыццю дзяўчынкі нічога не пагражае.