Статкевіч: Масавыя афіцыйныя сцягі толькі нагадваюць пра тыя, што былі на іх месцы
Палітык у сваім тэлеграм-канале адзначыў тое, што «пасля вызвалення звярнула ўвагу велізарная колькасць афіцыйных сцягоў, якімі пазначаны літаральна кожны слуп і нават сцены многіх будынкаў».
Фота: Lookby.Media
«Разумею, што гэта працяглая рэфлексія на 2020 год, калі бел-чырвона-белыя сцягі таксама былі паўсюдна. Здаецца, што ўлады не разумеюць розніцы паміж ініцыятывай грамадзян, рэалізаванай іх уласнымі намаганнямі і за свой кошт, і дзяржаўным мерапрыемствам, арганізаваным дзяржаўнымі службоўцамі за дзяржаўны кошт», — піша ён.
Палітык зазначае, што людзі бачаць розніцу і выдатна разумеюць прычыны гэтага «масавага пазначэння».
«У выніку яго арганізатары дасягнулі супрацьлеглага ад жаданага выніку — афіцыйныя сцягі толькі нагадваюць пра тыя, што былі на іх месцы. З-за жорсткага пераследу яго носьбітаў, сцяг колераў гістарычнага 900‑гадовага герба нашых зямель ці не ўпершыню заняў трывалае месца ў масавай свядомасці беларусаў. І нічым яго адтуль ужо не вытравіць. А празмерныя спробы навязаць іншае будуць толькі спрыяць гэтаму. У мяне няма ніякага сумнення, якой стане афіцыйная сімволіка Беларусі пасля першых жа сапраўдных выбараў», — заключае ён.