БЕЛ Ł РУС

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?

14.05.2026 / 16:26

Nashaniva.com

Іх юрыдычны статус невядомы.

Сілавікі паказалі дваіх мужчын, якіх затрымалі нібыта за галасаванне на выбарах у КР. Скрыншоты відэа палепшаны нейрасеткай

З 11 па 17 мая праходзяць анлайн-выбары ў Каардынацыйную раду. На гэты момант прагаласавала 838 чалавек.

Тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, апублікаваў два відэа на 10‑15 секунд з мужчынамі, якія, як сцвярджаецца, галасавалі ў КР. Яны расказваюць, як перайшлі па спасылцы і трапілі на сайт галасавання.

Як удалося ідэнтыфікаваць «Нашай Ніве», адзін з мужчын — 34‑гадовы Андрэй Пятакоў з Мінска. 

Андрэй Пятакоў. Фота: сацсеткі

Другі — 38‑гадовы Аляксандр Медушэўскі. Магчыма, апошнім часам ён жыў у Літве.

Аляксандр Медушэўскі. Фота: сацсеткі

Як іх затрымалі (і ці затрымалі ўвогуле), які ў іх юрыдычны статус — не вядома нічога.

Ці галасавалі гэтыя мужчыны наогул і як на іх выйшлі сілавікі? Таксама незразумела.

Можа быць рэальнай любая сітуацыя.

І тое, што яны насамрэч перайшлі па сапраўднай спасылцы галасавання, але не ўключалі VPN, і сілавікі здолелі адсачыць актыўнасць.

І тое, што яны пераходзілі па нейкай фэйкавай спасылцы, якую сілавікі маглі раскідваць па чатах.

І тое, што іх затрымалі за нешта іншае — напрыклад, пры праверцы на мяжы знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, — але папрасілі агучыць падрыхтаваны тэкст пра галасаванне.

Сілавікі пагражалі завядзеннем крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і тым, хто балатуецца ў КР, і тым, хто галасуе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула