Вуліцу Мельнікайце ў Мінску перакрыюць на два гады: трэба дастаць «Алесю» і «Марыю»
Цэнтр Мінска чакае чарговае транспартнае выпрабаванне. У пачатку чэрвеня скразны праезд па вуліцы Мельнікайце будзе цалкам закрыты на некалькі гадоў, каб завершыць злучэнне тунэляў трэцяй лініі і дастаць тунэлепраходчыя комплексы.
Ілюстрацыйнае фота. Фота: Наша Ніва
Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» з выязной нарады старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, перакрыццё неабходнае для дэмантажу двух тунэлепраходчых комплексаў і будаўніцтва злучальнага вузла з дзеючай лініяй метро. Скразны рух па Мельнікайце спыняць прыкладна на два гады, пакінуўшы мясцовым жыхарам толькі заезды ў двары.
Верагодна, гаворка ідзе толькі пра ўчастак ад будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна да месца скрыжавання вуліцы Мельнікайтэ з праспектам Пераможцаў, дзе раней думалі будаваць станцыю «Прафсаюзная», бо пад астатняй часткай вуліцы метратунэлі з абаротнымі тупікамі былі пракладзены яшчэ ў час будаўніцтва першай чаргі Зеленалужскай лініі.
Пра перакрыццё руху па вуліцах Заслаўскай і Дзімітрава, якія прымыкаюць да вуліцы Мельнікайце на гэтым участку, нічога не паведамляецца.
Нагадаем, што станцыю «Прафсаюзную» выключылі з планаў будаўніцтва Зялёналужскай лініі ў жніўні мінулага года, тады ўлады патлумачылі гэтае рашэнне нізкім чаканым пасажырапатокам і блізкасцю суседніх станцый «Няміга» і «Фрунзенская», якія тэарэтычна здольныя самастойна справіцца з нагрузкай.
Зараз тунэлепраходчы комплекс «Алеся», які пачаў узводзіць левы перагонны тунэль трэцяй лініі ў чэрвені 2025 года, знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Максіма Багдановіча і праспекта Машэрава. Завяршаецца яго тэхнічнае абслугоўванне, пасля чаго «Алеся» зноў вернецца да працы.
Паралельна да працы рыхтуецца новы кітайскі комплекс з імем «Марыя». Яго мантаж заканчваецца ў катлаване на Багдановіча, і ў канцы мая ён пачне капаць другі тунэль у напрамку «Юбілейнай плошчы». Менавіта для дэмантажу гэтых дзвюх машын з-пад зямлі і стыкоўкі новых тунэляў са старымі спатрэбілася закрыццё вуліцы ў цэнтры сталіцы.