Прэм'ер Кыргызстана загадаў чыноўнікам хадзіць без пінжакоў, каб ашчаджаць электрычнасць
Кіраўнік Кабінета міністраў Кыргызстана Адылбек Касымаліеў 13 мая падчас працоўнай нарады даручыў дзяржаўным службоўцам адмовіцца ад пінжакоў і прыходзіць на працу ў кашулях у мэтах эканоміі электраэнергіі, піша «Настоящее время».
Адылбек Касымаліеў
«Мы ўсе павінны зняць касцюмы і прыходзіць у кашулях», — сказаў кыргызстанскі прэм'ер.
Кіраўнік урада спаслаўся на вопыт Японіі, дзе ў 2005 годзе ўлады запусцілі кампанію Cool Biz, якая прадугледжвала памяншэнне спажывання электраэнергіі за кошт абмежавання выкарыстання кандыцыянераў і ўвядзення ліберальнага дрэс-кода.
«У Японіі быў такі вопыт. Летам, калі спажываецца шмат электраэнергіі, яны перайшлі на такую форму. Яны пачалі прыходзіць на працу ў кашулях без гальштукаў, у выніку чаго дзяржава ашчадзіла мільярды ен», — заявіў Адылбек Касымаліеў.
За апошнія пяць гадоў спажыванне электраэнергіі ў Кыргызстане павялічылася больш чым на 25% — з 15,4 мільярда кілават-гадзін у 2020 годзе да 19,3 мільярда кілават-гадзін да канца 2025-га. Рост попыту апярэджвае тэмпы ўводу новых генерацыйных магутнасцяў, што ўзмацняе нагрузку на энергетычную сістэму краіны. Спецпрадстаўнік прэзідэнта краіны па асаблівых даручэннях Бакыт Тарабаеў казаў, што калі бягучыя тэмпы росту захаваюцца, то да 2030 года спажыванне электраэнергіі ў Кыргызстане можа дасягнуць 25 мільярдаў кілават-гадзін.
Чытайце таксама:
Беларусь будзе заахвочваць працоўную міграцыю з Кыргызстана
«Сумуе па Кыргызстане». Лукашэнка расказаў пра жыццё Бакіева ў Беларусі
Куды цяпер едуць вучыцца беларускія студэнты — топ краін і тэндэнцый