БЕЛ Ł РУС

Што за падлеткавы мем з Чарамшою? Абсурд нейкі

15.05.2026 / 20:43

Міра Нікановіч

Знакаміты падлеткавы мем «6-7» ужо не актуальны. Замест яго прыйшоў трэнд з Чарамшой — і гэта зусім не тое, што вам здаецца. Гэта тонкая рэакцыя на праслаўленне ўсяго савецкага.

Чарамша. Скрын: pogostu6 / TikTok

У апошнія тыдні TikTok запоўнілі ролікі з псеўдасавецкім кантэнтам, зробленым з дапамогай ШІ. Асноўны іх герой — Чарамша, толькі гэта не расліна, як у рэальным жыцці, а гібрыд льва і зайца.

Узнікла Чарамша ў 60‑я дзякуючы савецкім генетыкам. Стваральнікі відэа прапануюць цэлы паралельны сусвет, дзе Чарамша была ледзь не нацыянальным сімвалам:

«Пыса льва, вушы зайца, пух як у арэнбургскай хусткі. Дасі ёй галінку кропу, а яна ад радасці пачынае радыё «Маяк» трансляваць. Суседзі натоўпам з усяго двара збягаюцца паслухаць. А як замурчыць басам, у хрушчоўцы шыбіны звіняць, а вада ў чайніку адразу ў газіроўку ператвараецца».

Чарамша была шматфункцыянальнай жывёлай, упэўніваюць удзельнікі трэнду. Напрыклад, у альтэрнатыўным СССР усе плавалі на Чаромшах, бо караблёў не было. А ў канцы 70‑х у Савецкім Саюзе забаранілі шклавату, таму ў сцены замуроўвалі Чарамшу.

І гэта яшчэ не ўсе функцыі Чарамшы. Цудоўную жывёліну выкарыстоўвалі замест самалётаў, вентылятараў, паветраных шарыкаў і савецкіх рублёў. Вядома, і як свойскую жывёлу — з Чарамшой можна было бавіць час, як з катом.

Але ж была ў тым СССР і больш магутная жывёла. Гаворка пра Брдышча — рыбіну з сабачай галавой:

«Калі ў Палітбюро не маглі вырашыць складанае пытанне, выклікалі Брдышча. Ён павольна падплываў ці прыходзіў, садзіўся ў кутку і глядзеў сваім трохі тупаватым, але вельмі мудрым позіркам. Праз хвіліну-другую ўсе разумелі правільнае рашэнне».

Брдышч быў прыдатны і на іншае. Тая жывёліна будавала шматпавярховікі: Брдышч проста глядзеў на пустое месца, і там вырастаў жылы дом. Калі некаму з жыхароў нешта не падабалася, Брдышч зноў з'яўляўся і глядзеў на яго, пакуль той не казаў «Дзякуй, таварыш Брдышч».

Стваральнікі чарамшынага сусвету памятаюць дэфіцыт у СССР. Елі там шыны, шклавату, уран і шлакаблокі, пілі ртуць. Сёмга існавала, але не ў выглядзе далікатэснай рыбкі, а як яшчэ адна жывёліна — так у відэа называюць гібрыд зайца і тыгра.

Некаторыя аўтары ідуць далей і кажуць, што ў Савецкім Саюзе ўвогуле нічога не было:

«Замест нармальных рэчаў людзі для ўсяго выкарыстоўвалі Чарамшу. Спалі на Чарамшы, елі на Чарамшы, елі Чарамшу, жылі з Чарамшой, жылі ў Чарамшы».

Калі ў тым Савецкім Саюзе нехта здзяйсняў злачынства, яго не саджалі ў турму, а высылалі ў альтэрнатыўны СССР. Там адразу пачыналіся катаванні: суп замест шклаваты, хлеб замест шлакаблока і гарбата замест ртуці. У крамах таго альтэрнатыўнага СССР прадавалі ежу, а не пах ад ежы, у чэргах ніхто не мераў тэмпературу бетону.

Праз пэўны час у такіх умовах чалавек хутка перавыхоўваўся і, калі яго вярталі ў чарамшыны СССР, пачынаў яго па-сапраўднаму шанаваць. Дарэчы, і стаўленне да жыцця ў тым СССР было асаблівым. Тыктокеры апісваюць яго так: жылі ціха, не спяшаючыся, без мітусні, з адчуваннем важнай справы і таго, што дзень прайшоў не дарма.

У 1991‑м здарылася страшнае — усе Чаромшы пачалі знікаць, верагодна, праз дзеянні КДБ. Савецкім грамадзянам сцерлі памяць, вось яны і забылі пра слаўнае чарамшынае мінулае.

Брдышч і Чарамша — не першыя ШІ-жывёлы ў тыктоку. У 2025‑м сацсетку запоўнілі ролікі з Бамбардзіра-Кракадзілам і Балярынай-Капучына — фантазійнымі жывёламі, першая з якіх, Бамбардзіра-Кракадзіла, з'явілася як рэакцыі на бамбардзіроўкі сектара Газы ізраільскай арміяй. З развіццём трэнду, аднак, сувязь з вайной на Блізкім Усходзе канчаткова знікла.

Трэнд з Чарамшой больш тонкі, інтэлектуальны, і ў ім можна прасачыць адсылкі да ідэй, якія часта навязвае расійскім і беларускім школьнікам прапаганда. Яна малюе СССР ледзь не як казачнае, райскае месца — не хапае толькі лятучых Чаромшаў і Брдышчоў.

У роліках пра Чарамшу, аднак, бачна, што нават у тым свеце людзі жылі ў шэрых дамах, апраналіся дрэнна і выглядаюць змучанымі. Акрамя цудоўных Чаромшаў, савецкія грамадзяне маглі пахваліцца хіба толькі шлакаблокамі, шклаватай і ўранам, затое жылі з адчуваннем важнай справы і таго, што дзень прайшоў не дарма.

Сярод іроніі ў сусвеце Чарамшы — гісторыя з тым, як у 1990‑м Брдышч яго праглынуў на паўгода, а потым «супакоіўся і ўсё вярнулася на месца». Савецкія грамадзяне пачалі жыць, як раней, «без мітусні і з адчуваннем, што так нават зручней было».

Чытайце таксама:

Бамбардзіра-кракадзіла і балерына-капучына — адкуль гэта?

У Беларусі прапануюць дзікую паслугу — пахаваць жыўцом у лесе. Колькі каштуе?

Вайна ў Іране пагражае апошнім азіяцкім гепардам — навукоўцаў вінавацяць у шпіянажы

Каментары да артыкула