Стала вядома пра вызваленне палітзняволенага Сяргея Сандалюка — раней ён быў адным з галоўных турэмшчыкаў Беларусі
Ён і яго жонка Анжэла адседзелі па паўтара года за ўдзел у пратэстах—2020.
Сяргей Сандалюк (справа). Указам Лукашэнкі ў яго забралі званне палкоўніка
На свабоду выйшлі 55‑гадовы Сяргей Сандалюк і 52‑гадовая Анжэла Сандалюк — сямейная пара палітзняволеных. Ім прысудзілі па два гады калоніі за ўдзел у пратэстах. Яны цалкам адбылі прызначаны тэрмін — з улікам часу, праведзенага ў СІЗА, атрымалася прыкладна па паўтара года зняволення.
Сяргей Сандалюк быў адным з самых высокапастаўленых турэмшчыкаў Беларусі. Ён нарадзіўся ў Мазыры, доўгі час служыў у в/ч 7404 у Баранавічах і ў в/ч 6713 у Магілёве. У 2013 стаў намеснікам начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў. На гэтай пасадзе ён адказваў за ідэалагічную работу і кадравае забеспячэнне.
У канцы 2018 года Сандалюк у выніку незразумелага скандалу пайшоў у адстаўку. У 2019‑м ён зарэгістраваўся як ІП — здаваў жыллё ў арэнду.
Сяргея і Анжэлу арыштавалі ў маі 2024 года за ўдзел у пратэстах. Незразумела, якая менавіта адбывалася юрыдычная працэдура, але іх судзілі ў два этапы — магчыма, справу адпраўлялі на дапрацоўку. У лютым 2025 года іх асудзілі канчаткова і далі па два гады калоніі. Яго адправілі сядзець у калонію ў Віцебск, яе — у Гомель. Яны цалкам адбылі свае тэрміны.
Некалькі месяцаў назад, у сакавіку 2026 года Сяргей Сандалюк падаў дакументы на ліквідацыю свайго ІП.