БЕЛ Ł РУС

У Крупках ужо тры тыдні шукаюць жанчыну. У суботу арганізуюць маштабныя пошукі

15.05.2026 / 14:20

Nashaniva.com

Пра Алену Цэхавую нічога не вядома з 25 красавіка. Апошні раз 72‑гадовую жанчыну бачыла яе сяброўка — гэта было за дзень да знікнення.

«Ніякіх зачэпак, куды яна магла пайсці, у нас няма, — кажа Onliner.by прадстаўніца атрада «Анёл» Юлія Коўган. — Раней, паводле яе слоў, Алена Віктараўна не знікала. На заўтра, у суботу, абвешчаныя маштабныя пошукі».

Алена Цэхавая пражывае ў Крупках-2. Гэта вайсковы гарадок, па перыметры якога цягнецца суцэльны лясны масіў. Пенсіянерка часта хадзіла да сяброўкі ў Крупкі, але ніколі раней не знікала, і праблем з памяццю ў яе не заўважалася.

Апошні раз Алену Віктараўну бачыла сяброўка: 24 красавіка яны разам хадзілі на прагулку і ў краму.

Менавіта яна першай забіла трывогу, калі пажылая жанчына праз некаторы час перастала выходзіць на сувязь.

Алене Цэхавой 72 гады. У дзень знікнення на ёй былі светлая хустка, светлая падоўжаная кофта і шэрыя штаны.

— У нас няма меркаванняў, куды яна магла накіравацца. Паводле слоў блізкіх, у Алены Віктараўны ёсць лецішча ў Начы, але апошнім часам яна там ужо нічога не саджала і не ездзіла, — кажа Юлія Коўган.

Блізкія, міліцыя і валанцёры шукаюць Алену Віктараўну з 25 красавіка. Менавіта ў гэты дзень каля сямі гадзін раніцы яна трапіла на камеры відэаназірання. На запісах відаць, як жанчына выйшла з дому і накіравалася па вуліцы Армейскай у бок Крупак.

Пазней, каля трэцяй гадзіны дня, мінакі заўважылі жанчыну, якая падыходзіла пад апісанне, непадалёк ад чыгуначнага пераезду, але ці сапраўды гэта была Алена Цэхавая — невядома. Нягледзячы на гэта, пошукавікі і кінолагі прачэсваюць лясны масіў і ў гэтай мясцовасці.

Паводле даных пошукава-выратавальнага атрада «Сірыус», які таксама ўдзельнічае ў пошуках разам са сваякамі зніклай, міліцыяй і мясцовымі жыхарамі, працягваецца адпрацоўка тэрыторыі, дзе магла перамяшчацца пенсіянерка.

— У выходныя, 16 і 17 мая, плануюцца маштабныя пошукі Алены Цэхавой, — кажа Юлія Коўган. — Мы чакаем, што да пошукавікаў далучыцца вялікая колькасць валанцёраў, а таксама міліцыя, вайскоўцы і лясніцтва.

Юлія адзначае, што да пошукаў могуць далучыцца ўсе ахвотныя. Таксама актуальнай будзе дапамога матацыклістаў. Калі вы хочаце дапамагчы пошукавікам, тэлефануйце на гарачы нумар: 7733.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула