БЕЛ Ł РУС

Украіна прызначыла адказнага за супрацоўніцтва з Беларуссю

15.05.2026 / 14:27

Nashaniva.com

Гэта дырэктар Праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраслаў Чарнагор.

Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга прызначыў дырэктара Праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраслава Чарнагора на пасаду, створаную для ўзаемадзеяння з беларускай апазіцыяй, піша «Украінская праўда».

Яраслаў Чарнагор зойме пасаду пасла ў асаблівых даручэннях па пытаннях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін.

У студзені Уладзімір Зяленскі анансаваў ідэю стварэння пасады спецпрадстаўніка па Беларусі. 

Паводле даных «Еўрапейскай праўды», пошук кандыдата зацягнуўся, з-за чаго ў сакавіку быў адкладзены анансаваны візіт у Кіеў Святланы Ціханоўскай.

Прызначэнне Яраслава Чарнагора на пасаду пасла ў МЗС дазволіць, не чакаючы гэтага прызначэння, палепшыць узаемадзеянне з беларускай апазіцыяй, улічваючы пацяпленне ў адносінах паміж ёй і афіцыйным Кіевам, піша УП.

Яраслаў Чарнагор — кандыдат гістарычных навук. Тэматыка яго даследаванняў ахоплівае актуальныя пытанні знешняй палітыкі Украіны, інфармацыйнай бяспекі, супрацьдзеяння расійскай прапагандзе і дэзынфармацыі, а таксама аналітыку па вывучэнні Беларусі і Расіі, палітычных працэсаў у гэтых краінах і іх далейшай трансфармацыі.

Найбольш верагодна, што гэтае прызначэнне таксама разблакуе падрыхтоўку да візіту.

Раней прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Георгій Ціхі заяўляў, што прызначэнне спецпрадстаўніка па Беларусі дазволіць лепш скаардынаваць «ціск на рэжым, нейтралізацыю пагроз, якія ад яго зыходзяць, і падтрымку дэмакратычных беларусаў, якія хочуць жыць у дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула