Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе
Іх зварот раскручваюць літоўскія рэсурсы антыеўрасаюзаўскага толку.
Валер Цапкала, скрыншот з ютуб-трансляцыі
Валер Цапкала і Дзмітры Балкунец звярнуліся ў Службу расследавання фінансавых злачынстваў (FNTT) і Пракуратуру Літвы з заклікам расследаваць дзейнасць арганізацыі «Цэнтр права і дэмакратыі». Цэнтр быў заснаваны былым старшынёй Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюсам Жалімасам і праіснаваў з 2021 па 2025 год. Цапкала і Балкунец сцвярджаюць, што за чатыры гады існавання арганізацыя атрымала каля 200 тысяч еўра ад літоўскіх і еўрапейскіх структур на беларускую праблематыку, і патрабуюць расследавання, на што яны былі вытрачаныя.
У 2024 годзе Дайнюс Жалімас быў кандыдатам у прэзідэнты Літвы ад Партыі свабоды, а цяпер ён дэпутат Еўрапарламента. Канстытуцыйны суд Літвы ён узначальваў з 2014 да 2021 года.
Валер Цапкала і Дзмітры Балкунец выступаюць ад імя створанага імі Беларускага дэмакратычнага форуму. Свой зварот яны скіравалі і прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседзе.
«Пад гэтым няма ніякіх падстаў, гэта смешна», — так на літоўскім тэлеканале TV3 адкаментаваў абвінавачванні Жалімас. Ён сцвярджае, што рэалізацыяй праекта займаўся не ён, а Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
А таму ён не мае дакументаў, каб патлумачыць, чым займаўся цэнтр і на што былі вытрачаныя сродкі. А сам Жалімас, кажа ён, быў проста найманым работнікам, які атрымліваў заробак.
У ЕГУ працуе жонка Жалімаса. Інгрыда Данеле-Жалімене ўзначальвае там дэпартамент сацыяльных навук. Раней яна працавала канцлеркай Канстытуцыйнага суда Літвы — у тыя часы, калі яго ўзначальваў Жалімас. У 2024 годзе грамадскую рэакцыю выклікаў факт, што яна атрымала грошы ад Партыі свабоды на планаванне прэзідэнцкай кампаніі Жалімаса. Пасля розгаласу ў СМІ Жалімас назваў той кантракт памылкай, і жонка вярнула партыі больш за 10600 еўра.
Грошы, якія, як сцвярджае Цапкала, атрымаў Жалімас у рамках праекта «Цэнтр права і дэмакратыі», па літоўскіх мерках невялікія — 30 тысяч еўра. Калі падзяліць іх на чатыры гады дзейнасці арганізацыі, то заробак Жалімаса быў прыкладна ў чатыры разы меншы за сярэдні ў Вільні, не кажучы пра ўзровень аплаты працы топавага юрыста.
Старшыня камісіі па міжнародных справах літоўскага Сойма сацыял-дэмакрат Рэмігіюс Мотузас схільны Жалімасу верыць. «Думаю, што гэта не той чалавек, які мог выкарыстаць тыя сродкі ў асабістых мэтах. Перш за ўсё, у такіх сітуацыях заўсёды знаходзяцца такія правакатары, якія імкнуцца абясцэніць і пасеяць разлад», — дыпламатычна намякнуў Мотузас.
Былы міністр замежных спраў Літвы і член камісіі па міжнародных справах Сойма Аўдронюс Ажубаліс, кансерватар, наадварот, лічыць, што няма дыму без агню і «ў інтарэсах самога Жалімаса ясна ўдакладніць, што там насамрэч адбылося». Ажубаліс мяркуе, што ў ЕГУ было «шмат фінансавых злоўжыванняў, і менавіта з донарскімі грашыма».
Цапкала і Балкунец патрабуюць ад літоўскіх праваахоўных структур праверыць, «ці законна выкарыстоўвала атрыманае фінансаванне — амаль 200 000 еўра — публічная ўстанова «Цэнтр права і дэмакратыі», заснаваная і ўзначаленая былым старшынёй Канстытуцыйнага суда Літвы.
«Мы лічым непрыстойным для любой арганізацыі ці асобы нажывацца на пакутах беларускага народа, выкліканых рэпрэсіямі. Больш за паўмільёна грамадзян Беларусі былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, многія страцілі свабоду і маёмасць. Гэта абуральна, што асобныя людзі выкарыстоўваюць імя беларускага народа і, магчыма, асабістыя сувязі для атрымання грантаў. Больш за тое, гэтыя сродкі часта выдаткоўваюцца на фіктыўныя праекты, якія ў канчатковым выніку ўмацоўваюць, а не аслабляюць аўтарытарызм у Беларусі», — кажа былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій.
Цапкала і Балкунец просяць ацаніць, «якія канкрэтныя вынікі былі дасягнутыя пры выкарыстанні гэтых сродкаў і як яны паспрыялі дэклараваным мэтам; ці выкарыстоўваліся сродкі эфектыўна, прапарцыйна і ў адпаведнасці з дзейнымі прававымі і фінансавымі нормамі; ці не мела месца неналежнае выкарыстанне і размеркаванне сродкаў для асабістага ўзбагачэння».
«Вельмі важна, каб грамадскасць Літвы, ЕС і Беларусі была цалкам праінфармаваная аб усіх праектах, якія фінансуюцца рознымі фондамі, з прадстаўленнем празрыстых вынікаў і аб'ектыўнай ацэнкі іх эфектыўнасці. Мы лічым, што ўсе сродкі, атрыманыя шляхам імітацыі дзейнасці і падачы фіктыўных справаздач, павінны быць вернутыя ў бюджэты арганізацый, якія выдзяляюць гранты», — заявіў Цапкала, які апошнія гады нярэдка крытыкуе і лідараў беларускай апазіцыі.
У прыватнасці, ён раіў спецпасланніку прэзідэнта ЗША Джону Коўлу «не сустракацца з Ціханоўскай».
Сам Цапкала, па яго словах, сёння ён працуе дарадцам у Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі. Як тлумачыць Цапкала, гэта структура створаная зусім нядаўна для кіравання ўсімі дзяржаўнымі актывамі і «ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць як з прыцягненнем замежных інвестыцый, так і дзяржава ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць праз яе».
У палітыку Валер Цапкала прыйшоў у 2020 годзе, калі вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Да таго ён працаваў кіраўніком Парка высокіх тэхналогій і ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Ён выпускнік МГІМО.
Цяперашні ягоны палітычны паплечнік — Дзмітрый Балкунец, які да 2020 года жыў у Маскве і выступаў экспертам па Беларусі ў расійскіх выданнях. Анатоль Лябедзька ў свой час назваў Балкунца «папулістам і правакатарам». Раней Балкунец звяртаўся ў пракуратуру і паліцыю Літвы з просьбай расследаваць дзейнасць праекта «Беларускі Гаюн» Антона Матолькі, а таксама дзейнасць Франака Вячоркі. Літоўскія структуры не сталі гэтага рабіць.
Дзмітрый Балкунец (справа). Фота з сацыяльных сетак
За зварот Цапкалы і Балкунца зачапіўся іншы дэпутат Еўрапарламента, Пятрас Гражуліс. Ён таксама звярнуўся ў пракуратуру Літвы ў гэтым пытанні.
Гражуліс — палітычная процілегласць Жалімаса. Жалімас быў кандыдатам у прэзідэнты ад леваліберальнай Партыі свабоды. А Гражуліс выступае з антыліберальных, антыеўрасаюзаўскіх пазіцый. Гражуліс нядаўна наведаў беларускае пасольства ў Бельгіі і выказаўся, што Літве трэба ініцыяваць перамовы з Лукашэнкам, а Еўрапарламент павінен падштурхнуць Літву да гэтага. Гражуліс быў некалькі разоў заўважаны ў кампаніі беларускага прадпрымальніка Дзмітрыя Скіндзерава, які абвясціў вайну Ціханоўскай.
Салідарнасць з Жалімасам выказаў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён лічыць, што атакі на Жалімаса маюць «усе прыкметы скаардынаванай інфармацыйнай кампаніі беларускіх і расійскіх спецслужбаў».
Латушка звязвае выбар у якасці цэлі Дайнюса Жалімаса з тым, што ўзначальваны ім раней цэнтр Justice Hub зрабіў значны ўклад у прасоўванне «адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзейсненыя міжнародныя злачынствы супраць беларусаў».
«Гісторыя майго асабістага ўзаемадзеяння са спадаром Жалімасам, — гаворыцца ў заяве Паўла Латушкі, — пачалася ў 2021 годзе. У 2023 годзе менавіта дзякуючы працы, арганізаванай і прафінансаванай цэнтрам Justice Hub, быў падрыхтаваны першы шматбаковы даклад аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта першы буйны экспертны дакумент, у якім наўпрост была абгрунтавана кваліфікацыя злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. І самае важнае, што ў гэтым дакуменце вельмі падрабязна былі апісаны шляхі да дасягнення правасуддзя з улікам даступных міжнародных і нацыянальных механізмаў».
«12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне «беларускай сітуацыі». У гэты ж час Дайнюс Жалімас паслядоўна адстойвае пытанне міжнароднага правасуддзя ў Беларусі, падтрымкі Украіны і агульнаеўрапейскага вектара на пляцоўцы Еўрапарламента», — адзначыў Латушка.
«У асобе Дайнюса Жалімаса дэмакратычная Беларусь знайшла сапраўднага сябра і саюзніка, за што я шчыра яму ўдзячны», — дадае Павел Латушка.
Служба расследавання фінансавых злачынстваў (FNTT) і Пракуратура Літвы звычайна не каментуюць справаў да канчатковага іх разгляду. У Літве гэтыя органы незалежныя ад выканаўчай і заканадаўчай улады і карыстаюцца высокім грамадскім даверам.
Чытайце таксама:
Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца
Былога супрацоўніка службы аховы Лукашэнкі пасадзілі за палітыку. Магчыма, за Гаюн