БЕЛ Ł РУС

У Быдгашчы паляка судзяць за шпіянаж. Ён ездзіў са знаёмым у Беларусь і падвяргаўся допыту на мяжы

15.05.2026 / 19:33

Nashaniva.com

У Акруговым судзе Быдгашчы судзяць 28‑гадовага грамадзяніна Польшчы Віктара З., якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысць расійскай разведкі. Цікавасць да супрацоўніцтва ён нібыта праявіў падчас допыту на беларускай мяжы ў Брэсце, калі са знаёмым ездзіў на яго радзіму. Пра працэс расказала Gazeta Wyborcza, а выданне Most пераказала асноўную інфармацыю па гэтай справе.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

Паводле версіі следства, Віктар З. збіраў і вясной мінулага года спрабаваў перадаць інфармацыю пра Цэнтр падрыхтоўкі аб’яднаных сіл НАТА, аэрапорт Быдгашчы, вайсковы авіяцыйны завод і прадпрыемства Nitro-Chem — стратэгічнага вытворцу трацілу для краін НАТА. Вось толькі рэальным атрымальнікам звестак сталі не расійскія спецслужбы, а польскія.

«Вы чалавек з правільнымі поглядамі»

Па адукацыі Віктар З. піяніст, таксама ён скончыў факультэт прыкладной лінгвістыкі. Мужчына свабодна размаўляе па-нямецку і па-руску і захапляецца Расіяй. Таксама ён захапляўся ASG — вайскова-тактычнай гульнёй, разнавіднасцю пейнтбола. Дзякуючы гэтаму хобі ён пазнаёміўся з дзяўчынай Мартай, на якую спрабаваў зрабіць уражанне. Цяпер яна давала паказанні ў судзе.

Як адзначаў Віктар, у Беларусь ён паехаў у турыстычных мэтах са знаёмым Валерыем, беларусам, і яго тагачаснай дзяўчынай Дар’яй.

«Ён расказваў, што яго затрымала на мяжы нейкая служба ўнутранай бяспекі. З ім і яшчэ нейкім украінцам размаўлялі, агледзелі тэлефон, пыталіся пра палітычныя погляды, пра стаўленне да Расіі і Беларусі. Ён паказваў свае фатаграфіі ў савецкай форме, — расказала Марта. — Ён не казаў, што тады прагучала якая-небудзь прапанова адносна супрацоўніцтва з замежнымі службамі. Ён перадаў інфармацыю пра тое, дзе спыніцца ў Беларусі, і свае кантакты. «Вы чалавек з правільнымі поглядамі», — пачуў ён [ад беларускага супрацоўніка]».

Валерый прыехаў у Польшчу на заробкі і пазнаёміўся з Віктарам, які быў яго каардынатарам ад агенцтва па працаўладкаванні. Ён тлумачыў паляку, што такія дбайныя праверкі палякаў і ўкраінцаў на мяжы — норма для Беларусі. Беларус лічыў, што за гэтым стаялі памежнікі. Але, верагодна, Віктар надаў гэтаму допыту большае значэнне, лічачы, што яго вёў КДБ.

У размове з польскімі знаёмымі мужчына не хаваў сваіх прарасійскіх поглядаў, разлічваў на перамогу Расіі ў вайне з Украінай і называў украінцаў бандэраўцамі, фашыстамі і нацыстамі. Акрамя таго, ён згадваў аб’екты НАТА і задаваўся пытаннем, што было б, калі б інфармацыю пра іх «злілі на Усход».

«Ты мяне не ведаеш, а я цябе ведаю»

Як менавіта польскім спецслужбам стала вядома пра намеры Віктара, не вядома. Але 12 сакавіка 2025 года ён звязаўся з Мартай, сказаўшы, што хоча пагаварыць. У машыне на паркоўцы каля супермаркета ён паказаў дзяўчыне паведамленне ад расійскага боку: з ім усталявалі кантакт і хочуць запрасіць да супрацоўніцтва. Віктар быў усхваляваны і палічыў, што гэта наступства мінулагодняй размовы на беларускай мяжы.

Паведамленне было напісана па-руску. У ім гаварылася: «Ты мяне не ведаеш, а я цябе ведаю».

Насамрэч за паведамленнем стаяла не расійская разведка, а афіцэр польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі. Віктар З. абмяняўся з ім некалькімі электроннымі лістамі, пасля чаго, 4 чэрвеня 2025 года, яго затрымалі.

Наступнае пасяджэнне суда адбудзецца 8 чэрвеня. Віктар застанецца пад вартай як мінімум да 28 жніўня.

Чытайце таксама:

На дзяржаўным тэлебачанні анансавалі фільм пра грамадзяніна Літвы, асуджанага на 15 гадоў за шпіянаж

У Расіі пасудамыйшчыцу, якая працавала ў кадэцкім корпусе СК, прыгаварылі да 19 гадоў калоніі за вярбоўку вучня

Беларусь хоча забраць журналістку Іну Кардаш, якую ва Украіне вінавацяць у шпіянажы на КДБ

У Берліне затрымалі расійскага шпіёна з Казахстана

Каментары да артыкула