У кнігарні ў Нью-Ёрку будзе палічка з беларускімі кнігамі
Адкрыццё адбудзецца сёння.
Фота з фэйсбука Наталлі Гардзіенкі
«У кніжнай краме Kvartira ў Брукліне (731 Washington Ave, недалёка ад Бруклінскага музея) ствараецца беларуская палічка.
Сёння, 16 траўня, а 7.30 увечары пісьменніца і журналістка Таццяна Заміроўская яе ініцыятарка, будзе гэтую палічку адкрываць і прэзэнтаваць.
Сярод іншых, там будуць і нашыя апошнія БІНіМаўскія [Беларускага інстытута навукі і мастацтва] выданні. Калі нехта ў Нью-Ёрку хоча набыць апошнія выпускі альманаху «Запісы БІНіМ», кнігі «Нашы могілкі», «Янка Запруднік», «Выбранае» Кастуся Езавітава, завітвайце, калі ласка, на прэзентацыю, або наўпрост у краму ў час яе працы!» — напісала ў сваім фэйсбуку даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.
«Дзе ў Нью-Ёрку можна купіць кнігі сучасных беларускіх аўтараў? А дзе можна даведацца пра іх больш — і ўрэшце пагаварыць пра актуальную беларускую літаратуру ў выгнанні па-за славянскім, рускамоўным і постсавецкім кантэкстам?», — піша Таццяна Заміроўская.
«Прыходзьце да нас 16 мая — мы адкрываем беларускую паліцу ў нашай «Кватэры». І адкрываем яе амаль поўным каталогам маладога, але ўжо культавага варшаўскага беларускага выдавецтва «Мяне Няма». А распавядзе пра яго — і пра беларускую літаратуру — адна з аўтарак гэтага выдавецтва, а заадно і наша нью-ёркская пісьменніца Таццяна Заміроўская.
Вы зможаце пагартаць і набыць вясновыя навінкі «Мяне Няма»: доўгачаканую новую кнігу Тоні Лашдэн «на углу Незалежнасці», недакладны мемуар пра Віцебск «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска» Алены Пятровіч і аўтабіяграфічную паэму ў прозе «Як выглядае смерць» Дзмітрыя Строцаца.
А яшчэ ў вас будзе ўнікальная магчымасць набыць не толькі гэтыя кнігі, але і памежны эка-хорар Тоні Лашдэн «Чорны лес», меланхалічны постфікшн Паўла Анціпава «Куды-небудзь прыязджаць, што-небудзь рабіць і з'язджаць», меланхалічныя эсэ Сяргея Краўчанкі «Забыць у электрычцы», кнігу фотапаэзіі Юліі Шатун «Кожны бачыў гэты горад у нейкім іншым месцы» і многае іншае. Прыемны бонус: Таццяна Заміроўская прачытае ўрыўкі са сваёй кнігі «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ» (2024), якая трапіла ў шорт-лісты прэмій імя Алеся Адамовіча, Міхала Анемпадыстава (за дызайн), а таксама прэміі «Дар»», — напісала яна.
Такім чынам, адкрыццё сёння а 7:30 вечара па нью-ёрскім часе (дзверы будуць адчыненыя з 7:00).
Кошт уваходу 10 даляраў, але іх можна выкарыстоўваць як купон для набыцця кніг.