БЕЛ Ł РУС

Трамп паставіў на паўзу пастаўкі зброі Тайваню і зрабіў заявы, якія ставяць пад пытанне гатоўнасць ЗША абараняць яго

16.05.2026 / 13:49

Сяргей Гезгала

«Скажу так: я не хачу, каб хтосьці станавіўся незалежным», — сказаў ён.

Сустрэча Сі Цзіньпіна і Дональда Трампа ў Пекіне, 15 мая 2026. Фота: Evan Vucci/Pool Photo via AP

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля візіту ў Кітай перасцярог Тайвань ад абвяшчэння незалежнасці. Адначасова кіраўнік Белага дома адмовіўся даць дакладны адказ на пытанне, ці падпіша ён даўно адкладзены пакет амерыканскай зброі для Тайваня, піша Fox News.

У размове Трамп падрабязна расказаў пра свае перамовы з Сі Цзіньпінам і пра тое, што яны могуць азначаць для глабальнай бяспекі. Вядучы пацікавіўся ў прэзідэнта ЗША, ці можа народ Тайваня адчуваць сябе ў бяспецы пасля сустрэч Трампа з Сі.

Адказ Трампа прагучаў двухсэнсоўна і можа быць інтэрпрэтаваны як адмова ЗША ад абароны Тайваня.

«Тайвань для яго (Сі Цзіньпіна — НН) вельмі важны. Але гэта заўсёды было для іх найважнейшым пытаннем. І гэта не захоп. Яны проста не хочуць, каб гэтае месца, будзем называць яго месцам, таму што ніхто не ведае, як яго вызначыць, стала незалежным. Яны не хочуць гэтага. І я думаю, што яны, імаверна, распачнуць нешта даволі жорсткае, тады будзе жорсткі адказ, і адбудуцца кепскія штукі. Так што не, рэч не ў гэтым.

Дарэчы, учора ўвечары мы ўсю ноч гаварылі пра гэтае пытанне. Думаю, цяпер я ведаю пра Тайвань больш, чым амаль пра любую іншую краіну. Для яго (Сі Цзіньпіна — НН) гэта заўсёды было самым важным, з таго самага дня, як я з ім пазнаёміўся шмат гадоў таму. Я ведаю яго ўжо 11—12 гадоў. Для яго заўсёды самым вялікім дасягненнем было перамагчы.

Што датычыць мяне, я не думаю, што яны што-небудзь распачнуць, пакуль я тут. Калі мяне не будзе, думаю, яны, магчыма, нешта распачнуць, калі ўсё застанецца як ёсць. Але зараз у іх ёсць чалавек (прэзідэнт Тайваня Лай Ціндэ — НН), які хоча стаць незалежным. Што ж, гэта рызыкоўны крок.

Калі вы робіцеся незалежнымі, яны ідуць на гэта, таму што хочуць уступіць у вайну і лічаць, што Злучаныя Штаты іх падтрымаюць. Я хацеў бы, каб усё заставалася як ёсць. І скажу вам вось што, трохі здыму навіну: я хацеў бы, каб усе вытворцы чыпаў з Тайваня перайшлі ў Амерыку, таму што, шчыра кажучы, думаю, гэта лепшае, што можна зрабіць. Таму што сітуацыя напаленая, у гэтым няма ніякіх сумневаў…

Я пакуль не буду прымаць рашэнне аб пастаўках зброі. Не, я пакуль устрымаюся ад гэтага.

І гэта залежыць ад Кітая. Залежыць. Шчыра кажучы, гэта вельмі добры козыр для нас на перамовах. Гэта шмат зброі. Гэта 12 мільярдаў долараў. Гэта шмат зброі.

Але, ведаеце, калі паглядзець на шанцы, Кітай — вельмі, вельмі магутная вялікая краіна.

Гэта вельмі маленькі востраў. Толькі падумайце, ён знаходзіцца за 59 міль адтуль (ад Кітая — НН), за 59 міль. А мы — за 9500 міль. Гэта даволі складаная задача…

І я скажу так: Тайваню было б вельмі разумна крыху супакоіцца. Кітаю было б вельмі разумна крыху супакоіцца. Ім абодвум варта супакоіцца».

Такім чынам, Трамп адмовіўся даць дакладны адказ адносна таго, ці падпіша ён даўно адкладзены пакет амерыканскай зброі для Тайваня коштам 14 мільярдаў долараў. Хоць заканадаўцы папярэдне ўхвалілі гэты пакет яшчэ ў мінулым годзе, Белы дом затармазіў яго прыняцце.

У выпадку нападу Кітая на Тайвань, востраў будзе абараняцца — магчыма, з той жа рашучасцю, як Украіна ад Расіі. Такая вайна прывяла б да санкцый супраць Кітая. і разбурэння цяперашніх гандлёвых адносін у свеце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула