Манахіня выратавала ў моры трох каляжанак, але сама выратавацца не здолела
Трагічнае здарэнне адбылося днямі на Сіцыліі.
Фота: Vatican News It, X.com
45‑гадовая Надзір Сантуш да Сілва патанула ў моры на поўдні Катаніі на Сіцыліі пасля таго, як кінулася на дапамогу сёстрам са сваёй супольнасці, піша catholic.by.
«Яе жэст аказання дапамогі адлюстроўвае ўсё яе жыццё, якое было няспынным дарам», — сказаў арцыбіскуп Катаніі, даведаўшыся пра яе смерць.
Cястра Надзір разам з трыма іншымі кармэліткамі шпацыравала па вадзе недалёка ад берага. Нябачны разлом у пяску прывёў да таго, што сёстры, якія, верагодна, не ўмелі плаваць, упалі ў глыбокую ваду і іх накрыла хвалямі. Сястра Надзір без ваганняў кінулася ім на дапамогу.
Тром сёстрам яна дапамагла выбрацца на бераг, а сама патанула ў выніку знясілення і захлынання марской вадой. Адна з выратаваных сясцёр паспрабавала дапамагчы ёй, выцягваючы яе з вады, але сястра Надзір ужо была без прытомнасці.
Сястра Надзір была родам з Бразіліі. Яна належала да Кангрэгацыі кармэлітак Пасланніц cвятога Духа і служыла ў супольнасці Сан-Джавані-Ла-Пунта, дзе вестка пра яе смерць хутка распаўсюдзілася сярод вернікаў, святароў і парафіян, выклікаўшы велізарнае ўзрушэнне. Яе духоўны кіраўнік згадвае яе як чалавека, які не задавольваўся паўмерамі.
«Яна была жанчынай, няздольнай змірыцца з пасрэднасцю, якая пастаянна шукала паўнаты і пазбягала павярхоўнасці. Яе пошукі Бога былі шчырымі і адзначанымі сапраўднасцю: не пазбаўленымі барацьбы, пакут або супярэчнасцяў, але заўсёды ажыўленымі прагай ісціны», — кажа Бруна Лінс.
Ён згадвае, што гісторыя жыцця кармэліткі — гэта вобраз Божай Міласэрнасці. «У юнацтве яна была далёкая ад веры, называла сябе збунтаваным панкам і анархісткай.
Аднак сіла Святога Духа прывяла яе да глыбокай трансфармацыі, ператварыўшы яе ранейшы бунт у поўную адданасць Богу ў Кармэліі», — падкрэслівае ксёндз Лінс. У якасці свайго дэвізу кармэлітка абрала словы Яна Паўла II: «Любоў дазволіла мне ўсё зразумець».
Арцыбіскуп Катаніі нагадвае, што сястра Надзір была настаяцельніцай сясцёр, якім яна паспяшалася на дапамогу. «Гэта быў яе апошні жэст любові», — падкрэслівае арцыбіскуп Луіджы Рэна. Ён кажа, што настаяцельніцу кармэліцкай супольнасці вельмі любілі. Яна ўмела прыцягваць да сябе людзей.