Памятаеце Паўла з ДЦП, які скарыў сацсеткі беларускай мовай? Яму перадалі падарункі
Паўлу падарылі не толькі раман Караткевіча, пра які ён марыў, але і сертыфікат у кніжную краму на вялікую суму.
Павел. Скрыншот відэа
Павел стаў героем відэа мінскага блогера Дзмітрыя Жыха (Belrels), які вядомы сваімі вулічнымі інтэрв'ю з выпадковымі мінакамі. Ён распытвае месцічаў пра тое, як яны жывуць і пра што мараць, пры гэтым часта героямі яго апытанак становяцца людзі з інваліднасцю.
У Паўла ДЦП, але, са слоў блогера, «за драйвам і шчырасцю юнака гэтага проста не заўважаеш». «Ён — філолаг, які закаханы ў беларускую мову, і яго свет зараджае ўсё навокал», — распавёў Дзмітрый.
Павел расказаў пра сябе, што любіць чытаць кнігі і глядзець футбол. А таксама марыць працаваць па спецыяльнасці — ён філолаг: «Мне цікава займацца навукай. Лічу, што ў Беларусі павінна больш развівацца беларуская мова. У нас шмат выбітных людзей, якія праславілі нашу краіну на ўвесь свет. У краіне гэтаму надаецца мала ўвагі, таму я і абраў для сябе такі шлях. Лічу, што гэта мая місія».
Калі зайшла гаворка пра мары, Павел прызнаўся, што даўно хацеў набыць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але кніга каштуе дорага.
У каментарах усе былі ў захапленні ад беларускамоўнага хлопца. У Threads тэгнулі акаўнт анлайн-крамы oz.by — людзі пісалі, што гатовы скінуцца грашыма на кнігу класіка беларускай літаратуры. Але ж прадстаўнікі крамы адказалі, што з задавальненнем падараць яе самі.
Таксама ў каментары прыйшлі прадстаўнікі крамы Marks — яны дадалі, што дараць Паўла сертыфікат у сваю кнігарню наміналам 500 рублёў.
Дарэчы, раман «Каласы пад сярпом тваім» некалькі гадоў таму прыбралі са школьнай праграмы. А пасадзейнічаў гэтаму дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. Ён палічыў, што знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча не спрыяе фармаванню ў школьнікаў гістарычнай памяці, якая патрэбна ўладам.
Чытайце таксама:
Гігін прызнаўся, што «Каласы пад сярпом тваім» выключылі са школьнай праграмы з яго ініцыятывы