БЕЛ Ł РУС

У Кангрэсе ЗША ставяць пад сумнеў новае фінансаванне Украіны і чакаюць дзеянняў ад Еўропы

16.05.2026 / 15:05

Nashaniva.com

Старшыня камітэта замежных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША Браян Маст заявіў, што Кангрэс наўрад ці ўхваліць новы буйны пакет фінансавай дапамогі Украіне, піша РБК-Украіна са спасылкай на інтэрв’ю Маста.

«Я не веру, што вы ўбачыце новы амерыканскі пакет дапамогі Украіне — на 6 мільярдаў даляраў, 60 мільярдаў ці любую іншую суму», — заявіў Маст.

Паводле слоў кангрэсмена-рэспубліканца, вайна Расіі супраць Украіны адбываецца «на заднім двары Еўропы», таму менавіта еўрапейскія дзяржавы павінны ўзяць на сябе большую адказнасць за падтрымку Кіева.

Маст таксама заявіў, што адміністрацыя прэзідэнта Трампа прытрымліваецца «ўзважанага» падыходу адносна вайны ва Украіне.

У той жа час Вашынгтон, паводле яго слоў, працягне падтрымліваць Кіеў праз перадачу ўзбраенняў, разведвальныя даныя і санкцыйны ціск на Расію.

«Мы гатовыя быць пасярэднікамі міру. Еўропа павінна абараняць уласны двор», — сказаў Маст.

Адначасова амерыканскі кангрэсмен падтрымаў ідэю новых санкцый супраць Расіі. Аднак ён падкрэсліў, што абмежаванні не павінны больш шкодзіць саюзнікам ЗША, чым самой Расіі.

«Санкцыі павінны наносіць больш шкоды нашым ворагам і прыносіць больш карысці нам і нашым саюзнікам», — падкрэсліў Маст.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула