Хто заплаціў расійскаму блогеру Варламаву за рэкламу выбараў у Каардынацыйную раду?
На пачатку мая расійскі блогер Ілля Варламаў у сваім падкасце «Чё происходит» заклікаў беларусаў удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Раней у КР казалі, што не ведаюць, хто заплаціў за рэкламу. Сёння на закрытай панэльнай дыскусіі ў Варшаве спікер КР Арцём Брухан праліў святло на гэтае пытанне, піша «Люстэрка».
Пытанне пра фінансаванне рэкламы ў расійскага блогера Ілля Варламава было ўзнята 16 мая ў Варшаве на закрытай панэльнай дыскусіі, прысвечанай выбарам у КР. Арцём Брухан паведаміў, што гэта зрабілі міжнародныя партнёры Каардынацыйнай рады.
— Партнёры знайшлі нейкую арганізацыю або кагосьці, хто фактычна замовіў рэкламу ў Варламава, наколькі я ведаю, — растлумачыў ён.
Віцэ-спікерка КР Лізавета Пракопчык дадала, што дакладнай інфармацыі ў яе няма.
— У нас не было ніякіх звестак ні пра тое, колькі гэта каштавала, ні пра тое, да каго яны будуць звяртацца. То-бок мы не ведаем, мы толькі здагадваемся, — сказала Пракопчык.
Журналіст удакладніў у Арцёма Брухана, пра якіх менавіта міжнародных партнёраў ідзе гаворка і якая іх форма — фонды ці дзяржаўныя структуры.
— Я цяпер не магу сказаць, бо трэба ўзгадніць гэта з гэтымі партнёрамі, ці хочуць яны, каб іх называлі. Я так разумею, гэта фонды, так, — адказаў Брухан.
Лізавета Пракопчык удакладніла: «Донары».
Брухан падкрэсліў, што рашэнне пра заказ рэкламы было прынятае партнёрамі самастойна, без непасрэднага ўдзелу Каардынацыйнай рады.
— Я хацеў бы дадаць, што партнёры самі прымаюць рашэнні. Думаю, яны маглі кансультавацца з нашай медыягрупай. Але так ці інакш, яны самі прымалі канчатковае рашэнне. Яны захацелі прарэкламаваць. Гэта не Каардынацыйная рада атрымала грошы. Гэта было іх рашэнне, якім чынам рэкламаваць, — растлумачыў спікер.
Журналіст «Люстэрка» таксама пацікавіўся, ці не былі гэта грошы з пакета дапамогі 30 мільёнаў еўра, выдзеленага Еўракамісіі на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці ў 2026 годзе.
— Вядома, не. Гэта я не магу каментаваць, я не ведаю, — адказаў Брухан.
Паводле прайс-ліста, размешчанага на афіцыйным сайце Іллі Варламава, кошт рэкламы ў яго праектах вар’іруецца.
Напрыклад, інтэграцыя працягласцю 60—120 секунд на яго асноўным YouTube-канале каштуе 9800 даляраў, а аналагічны слот у нядзельным выпуску навін «Чё происходит» — 12 300 даляраў. Спецпраект абыдзецца заказчыку ў 55 650 даляраў.
Варта адзначыць, што ў каментарыях да прайс-ліста пазначана, што ўся рэклама маркіруецца, а цэны «прыведзены даведачна».
Выбары ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання праходзяць з 11 па 19 мая. Па стане на 15:20 суботы, удзел у галасаванні ўзялі 1260 чалавек.
На мінулых выбарах, у КР трэцяга склікання, два гады таму ў галасаванні ўзялі 6723 чалавекі.