БЕЛ Ł РУС

«Няма мэты прыняць усіх беларусаў свету». Як працуе першы беларускі шэлтар у Італіі

16.05.2026 / 17:11

Nashaniva.com

Беларускі шэлтар у Італіі зусім не падобны да аналагаў у Польшчы і Літве. Гэта не асобны дом у буйным горадзе, а кампактнае жыллё ў маляўнічым і нешматлюдным прыгарадзе Фларэнцыі. Карэспандэнт выдання «Позірк» пабываў у першым італьянскім прытулку для беларусаў — і пераканаўся, што для суайчыннікаў, якія ўцякаюць ад рэжыму, з’явілася ў Еўропе яшчэ адно месца, дзе іх чакаюць.

Каб дабрацца да шэлтара з цэнтра Фларэнцыі, трэба каля паўгадзіны ехаць прыгарадным цягніком — міма знакамітых пагоркаў, усыпаных вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі, — і потым яшчэ трохі пакруціцца па вузкіх вуліцах аднаго з зацішных прадмесцяў.

Невысокія дамы, чыстыя тратуары, празрыстае паветра. Мінімум пешаходаў, бясшумныя аўтамабілі, зялёная расліннасць. Цішыня. Не надта зручна з пункту гледжання лагістыкі, але вельмі падыходзіць для спакойнага рэтрыту, у якім часта так маюць патрэбу беларускія перасяленцы.

Шэлтар размешчаны ў таўнхаўсе параўнальна новай забудовы. Высокія вокны, бясшумны ліфт, падземны гараж. Беларуская прастора пачынаецца за парогам трохпакаёвай кватэры з прасторным балконам.

«Тут, на свежым паветры, добра спаць», — ківаючы на балкон, кажа Ілля Данілаў, жыхар шэлтара, валанцёр, былы добраахвотнік з палка Каліноўскага з пазыўным «Лом».

Месца для шэлтара шукалі некалькі месяцаў

Апартаменты ўладкаваныя паводле класічнага еўрастандарту. Прасторны хол з абстаўленай кухняй, вялікім тэлевізарам і канапай. І дзве спальні — яны, уласна, і выдаюць прызначэнне гэтай жылплошчы. У кожным з пакояў па тры ложкі — асобны і двух’ярусны. Плюс сталы, шафы, тумбачкі — усё гэта паказвае, што аб’ект функцыянуе па правілах інтэрната.

«Ключы [ад кватэры] мы атрымалі ў кастрычніку мінулага года. Тады і заехалі сюды», — расказвае Юлія Юхно, кіраўніца і ініцыятарка стварэння шэлтара.

Паводле яе слоў, на пошукі месца пайшло некалькі месяцаў — працэс няхуткі, бо ў арэнды нерухомасці для бежанцаў з далёкай краіны ёсць свае падводныя камяні. Прыватнікі, напрыклад, аддаюць перавагу варыянту здаваць апартаменты сем’ям, а не загадкавым іншаземцам у працэсе легалізацыі знаходжання.

У выніку пазл склаўся ў гэтым ціхім прыгарадзе Фларэнцыі, прычым, як адзначае беларуска, атрыманая ў карыстанне кватэра з’яўляецца сацыяльным жыллём.

З фінансаваннем па першым часе дапамаглі мясцовыя ўлады і заснаваны дэмсіламі Міжнародны гуманітарны фонд. І тады, і цяпер значная падтрымка паступае ад італьянскага фонда Fondazione casa di risparmio di Firenze.

Ад папярэдніх жыльцоў, згадвае Юлія, жыллё перайшло да беларусаў пустым і неўладкаваным. Мэблю, бытавую тэхніку і іншыя даброты цывілізацыі даводзілася шукаць у сацсетках па аб’явах з бясплатным самавывазам. Кухню пашчасціла займець у добрых людзей «цалкам», духоўку «знайшлі ў нейкай бабулі», сёе-тое з першай мэблі проста «рассыпалася ад старасці». Толькі з часам, калі паступіла фінансаванне з гуманітарнага фонду, усё неабходнае было заменена і асучаснена.

«Мы стараемся даць беларусам магчымасці»

Юлія кажа, што ідэя прытулку для беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму, узнікла ў яе даўно — яшчэ ўвосень 2024-га. Бежанцы, якія прыязджалі ў Італію, нярэдка знаходзіліся ў пошуках даху над галавой:

«Я не магла іх нікуды прыстроіць. Першыя сем’і, якія я прымала — некаторыя жылі ў мяне дома, некаторыя пры цэрквах. Быў чалавек, які каля паўгода жыў проста на вуліцы, яго нікуды не бралі. Мы яму рабілі збор [грошай], здымалі жыллё, пакуль ён не ўладкаваўся ў царкву, дзе застаецца і цяпер».

Італія — чацвёртая па папулярнасці краіна ў ЕС для эмігрантаў з Беларусі. Паводле даных Еўрастата, на канец 2024 года дазвол на жыхарства тут мелі 10,1 тысячы беларусаў. З іх 2950 прыбылі на Апеніны пасля падзей 2020 года.

Адкрыўся шэлтар 9 снежня 2025 года. Ад ідэі да рэалізацыі крыху больш за год — паводле слоў суразмоўцы, гэта «суперхутка» для Італіі.

«Іншыя асацыяцыі трацяць мінімум два-тры гады. Тут усё робіцца вельмі павольна, італьянцы жывуць спакойным жыццём», — тлумачыць беларуска.

36‑гадовая Юлія Юхно ў Італіі чатыры гады. У яе музычная адукацыя, досвед працы мадэллю і ў сферы турызму — а таксама знаёмы дзясяткам тысяч беларусаў жыццёвы шлях пасля 2020-га.

Яшчэ ў маі таго года за палітычны пост у сацыяльных сетках яна была звольненая з гандлёвага цэнтра Dana Mall. Калі надышло лета, пачалася пратэсная актыўнасць. Разам з мужам актывістка прайшла праз адміністрацыйныя арышты, ператрус з наступным допытам у КДБ і паспешлівы выезд з Беларусі праз пагрозу крымінальнага пераследу.

Яе эміграцыя пачалася з Польшчы, і на ўласным прыкладзе Юлія тлумачыць, як беларусаў заносіць на Апеніны.

«Вядома, Італія не тая краіна, куды беларус проста возьме і прыедзе. Павінны быць нейкія перадумовы», — кажа яна.

У яе выпадку іх было некалькі: яшчэ ў Беларусі яна вучыла італьянскую мову «для сябе», потым наведвала краіну, працуючы мадэллю, а ў эміграцыі, уключыўшыся ў працу дыяспары, пачала ездзіць у Італію на міжнародныя кангрэсы.

У снежні 2022 года Юлія стала прадстаўніцай «Народнай амбасады Беларусі ў Італіі». Неўзабаве пасля гэтага адкрыла асацыяцыю «Талака» для аказання рознай дапамогі суайчыннікам. У канцы 2025‑га ўзначаліла ў Фларэнцыі Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці — яго адкрывалі адначасова з шэлтарам.

Па ўсіх гэтых кірунках, звяртае ўвагу суразмоўца, яна працуе не адна — дзейнічае каманда з 12 чалавек: «Гэта ўсё людзі з Беларусі. Жывуць не толькі в Італіі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах». Дыстанцыйна і вочна тузін беларусаў дапамагае землякам-эмігрантам не толькі з легалізацыяй, але і з уладкаваннем на першым часе, паступленнем у ВНУ і іншых патрэбных справах.

«Мы працуем, каб палегчыць працэсы. Я не магу сказаць, што дабіліся супервышынь, у тым сэнсе, што чалавек прыязджае і мы яму тут за пяць хвілін усё зробім, усе дакументы, знойдзем працу і ён вывучыць мову. Не. Але мы стараемся даць беларусам магчымасці», — падкрэслівае Юлія.

«Майстар на ўсе рукі» хоча вярнуцца ва Украіну

З шасці месцаў у прытулку зараз занятыя тры: сямейная пара, якая пазбягае публічнасці праз страх рэпрэсій супраць сваякоў на радзіме, і адкрыты да стасункаў былы добраахвотнік Ілля.

54‑гадовы мужчына ў шэлтары з першага дня. Адчувае сябе як дома, прапануе каву, ахвотна паказвае пакоі і інтэр’еры. Юлія называе Іллю «майстрам на ўсе рукі», маючы на ўвазе, што шмат у чым менавіта яго валанцёрскімі намаганнямі кватэра з узроўню «голыя сцены» перайшла ў разрад «заязджай і жыві».

Шлях Іллі з Мінска ў Таскану расцягнуўся на пяць гадоў. Усю гэтую дарогу ён пераадолеў на мікрааўтобусе «Фольксваген Транспарцёр» на мінскіх нумарах, які і цяпер на хаду — стаіць пад домам у гаражы.

За ўдзел у пратэстах у 2020‑м мужчына сядзеў «на сутках» у Жодзіне і ў сталіцы на Акрэсціна. У лістападзе 2021‑га з’ехаў у Літву, яшчэ праз год — ва Украіну, дзе далучыўся да «каліноўцаў» — добраахвотніцкага палка, створанага беларусамі адразу пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі.

У шэрагах УСУ ён вазіў на сваім «Фальксвагене» боепрыпасы і зброю ў гарачыя месцы — Харкаў, Запарожжа, Краматорск, Часаў Яр. Быў кіроўцам медслужбы эвакуацыі — з маршрутамі ў раён Бахмута. Служыў у батальёне ПКК «Волат», перажыў кантузію, аперацыю.

Адной з прычын пакінуць Украіну сталі праблемы з пашпартам — тэрмін яго дзеяння ў добраахвотніка заканчваўся.

«Я пачаў даведвацца, ці ёсць магчымасць падацца на міжнародную абарону ў Італіі. Юлія сказала, што ёсць. Вырашыў з гэтага скарыстацца», — кажа мужчына.

У Іллі свая даўняя сувязь з Італіяй. Ён ведае мову — вывучыў у маладосці самастойна. У 1990‑я вазіў школьнікаў з Беларусі аздараўляцца на Апеніны. У якасці перакладчыка дапамагаў італьянскім бацькам усынаўляць беларускіх дзяцей.

Пакуль яго запыт на абарону разглядаецца, Ілля валанцёрыць у шэлтары.

«Я не пасіўны ўдзельнік, спрабую хлопцам і дзяўчатам дапамагаць. Мэблю перавезці, сабраць… Інструменты яшчэ з часоў Беларусі са мной катаюцца. Цудоўна, што з’явіўся шэлтар, патрэбнае месца», — адзначае экс-каліновец.

Ён спадзяецца «атрымаць нейкую паперку» і «зноў ехаць ва Украіну». Кажа з упэўненасцю: «Вайна надоўга. Можна было б яшчэ сябе там рэалізаваць».

«Няма мэты прыняць усіх беларусаў свету»

Італьянскі шэлтар — новае месца ў экасістэме прытулкаў для беларусаў. Найбуйнейшыя з іх размешчаныя ў Літве і Польшчы. У Варшаве з 2021 года дзейнічае шэлтар пад кіраваннем Ганны Федаронак. 4,5 года ў Вільні працуе «Замак» Наталлі Калегавай. Таксама ў літоўскай сталіцы прымае рэпрэсаваных фонд «Краіна для жыцця».

У італьянскага шэлтара нейкай каардынацыі з польска-літоўскімі «братамі» няма. Адрозніваюцца і правілы прыёму пастаяльцаў. Калі ў Польшчы і Літве пражыванне аднаго чалавека часцей за ўсё разлічана на 60 дзён, то ў Таскане, паводле слоў Юліі, «кантракт прадугледжвае знаходжанне на працягу дзевяці месяцаў».

«Патоку няма, але і няма мэты прыняць усіх беларусаў свету. Наша задача — дапамагчы ў меру нашых магчымасцяў. Пасяліць чалавека — і за гэты час зрабіць яму дакументы для легалізацыі», — расказвае беларуска.

Дзелячыся бягучымі клопатамі, яна кажа, што ў шэлтары ўсё яшчэ няма інтэрнэту, што «нейкія рэчы яшчэ недакупленыя», спадзяецца, што з часам удасца ўключыць прытулак у сістэму дзяржфінансавання.

Перыядычна адцягваючыся на званкі, пераключаючыся з італьянскай зноў на беларускую і рускую, Юлія гаворыць пра рознае.

Як зараз арганізуе чарговы італьянскі адпачынак для сем’яў эмігрантаў з дзецьмі. Што шэлтар рыхтуецца да засялення новага жыльца. Што ў сённяшнім турбулентным свеце італьянцы зусім мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, таму «трымаць парадак дня» вельмі складана — але калі гэтага не рабіць, то для беларусаў тут могуць закрыцца «практычна ўсе дзверы».

«Я ведаю, навошта адкрыла шэлтар», — адзначае беларуска, седзячы на ўладкаванай кухні з відам на ціхую вуліцу.

Яна ўпэўненая, што «людзі будуць прыязджаць», што без выбудаванай падтрымкі ім — экс-палітвязням, уцекачам ад пераследу і іх далёкім ад палітыкі дзецям — будзе цяжка прайсці ў Італіі складаны шлях легалізацыі і пачаць жыць нанова.

«Я веру ў тое, што раблю. Разумею, што людзям гэта патрэбна. Мая мэта — дапамагчы ім падрыхтавацца да самастойнага жыцця ў новай краіне», — рэзюмуе суразмоўца.

Чытайце таксама:

Аб'явілі збор на шэлтар у Вільні — першы дом на волі для вызваленых палітвязняў

«Не проста адпачынак, а лячэнне душы». Наталля Калегава арганізавала адпачынак на Канарах для жанчын-палітвязняў

Святлана Ціханоўская наведала шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве

У Варшаве адкрылі яшчэ адзін шэлтар для палітвязняў — грошы сабралі за некалькі дзён

Варшаўскі шэлтар для палітвязняў не апынецца на вуліцы з новага года

Каментары да артыкула