БЕЛ Ł РУС

«З зарадкамі ўсё з самага пачатку пайшло не так». Беларус расказаў, як ездзіў на электракары з Мінска ў Ташкент

16.05.2026 / 18:57

Nashaniva.com

Падарожнічаць на электракары па Беларусі і Еўропе можна без праблем (прынамсі, так кажуць многія). А што, калі выправіцца ў іншы бок — па СНД? Чытач выдання «Анлайнер» па імені Аляксандр разам са сваім «штурманам» Яўгенам на новай Nissan Ariya выправіўся ва Узбекістан. Падарожнік падзяліўся, да чаго трэба рыхтавацца і якую суму варта адкласці на паездку.

Падрыхтоўка і маршрут. Што паглядзець па дарозе з Мінска ў Ташкент?

Дадзена: Nissan Ariya 2022 года, але набытая новай у 2024-м, з батарэяй на 87 кВт⋅г і рэальным запасам ходу, па словах героя матэрыялу, у цёплы час года — каля 500 км. На такім аўтамабілі Аляксандр вырашыў скараць дарогі СНД. Як пачатковец-падарожнік наважыўся на першую далёкую паездку на электракары?

— Я ў прынцыпе люблю ездзіць на машыне, таму вырашыў зладзіць сабе своеасаблівы чэлендж — дабрацца да Ташкента на «электрычцы», — кажа кіроўца. — Перад паездкай я, зразумела, пабудаваў маршрут (у гэтым дапамог сайт 2chargers.ru, які пакрывае Беларусь, Расію і Казахстан), праверыў, ці ёсць зарадкі, і пераканаўся, што ў тэорыі ўсё рэальна.

Дарэчы, раней на аўтамабілі я далей Смаленска не выбіраўся.

Машыну да паездкі спецыяльна не рыхтаваў, толькі крыху раней за рэгламент прайшоў другое ТА. Купіў дамкрат, узяў напракат запасное кола, таму што яго ў камплекце з аўто не было. Дарэчы, нічога з пералічанага не спатрэбілася. Але калі б чагосьці не было — яно дакладна спатрэбілася б.

Яшчэ напракат узяў зарадку, якая на 32 амперы мацнейшая за маю і з перахаднікамі на прамысловыя разеткі. Яна патрэбная была на выпадак, калі дзесьці не акажацца ЭЗС і давядзецца прасіць электрычнасць у якой-небудзь кавярні.

Чаму Узбекістан? У Ташкенце я ўжо быў некалькі разоў. У нашай кампаніі там знаходзіцца офіс — я планаваў і папрацаваць, і адпачыць. Горад мне вельмі спадабаўся. Цяпер там цёпла, але яшчэ не горача.

Пяць дзён заняла дарога ў адзін бок (выезжалі 17 красавіка), пяць дзён мы там прабылі, і пяць дзён доўжыўся наш маршрут назад. Пакуль машына зараджалася на станцыях — пешшу аглядалі горад.

Туркестан у Казахстане

Наш маршрут быў такім: Мінск — Смаленск — Разань (у аб'езд Масквы) — Самара — Арэнбург. Далей мы заехалі на тэрыторыю Казахстана: Актобе — Карабута — Кызыларда — Туркестан— Шымкент. І крайні пункт — узбекістанскі Ташкент, куды мы і накіроўваліся. У Расіі больш за ўсё спадабаліся Самара і Арэнбург, а ў Казахстане — Туркестан.

Разанскі Крэмль

Туркестан апошнія 6—7 гадоў вельмі раскручваюць у турыстычным плане. Увечары там шмат сімпатычных падсветак, ёсць што паглядзець.

Што не атрымалася наведаць — дык гэта Байканур, яго пакінем на наступны раз.

Прыгоды з зараднымі станцыямі, або Да чаго рыхтавацца пры падарожжы на электракары па СНД?

— Ці ўсё было добра з зараднымі станцыямі па дарозе? — задалі Аляксандру галоўнае пытанне.

— Усё з самага пачатку пайшло не так, — прызнае ён. — Каб нармальна праехаць Расію, трэба купіць сім-карту (амаль усе праграмы для расійскіх зарадных станцый патрабуюць пры рэгістрацыі мясцовы нумар). Але цяпер яе няпроста набыць іншаземцу… Мне давялося двойчы ездзіць у Смаленск, і добра, што я заняўся пытаннем загадзя.

Усе праграмы я таксама ўсталяваў да паездкі, прывязаў нумар і карту, якая працуе з плацежнай сістэмай «Мір» і з мясцовай валютай. Пад Смаленскам усё было добра — да тэрмінала трэба было проста прыкласці банкаўскую карту. А вось у Мажайску ўзніклі праблемы. Уключаю я зарадку, а мне прылятае эсэмэскай код 3‑D Secure, каб праграма спісала грошы. Але старонка, куды трэба ўводзіць код, не адкрываецца. Гэта з-за таго, што ў Расіі ўвялі інтэрнэт-абмежаванні: старонкі нашых банкаў (менавіта для ўводу кода) «адфутбольваюцца».

На шчасце, на гадзінніку было толькі каля 17:00. Я пабег у найбліжэйшы банк, але мне сказалі, што не паспеюць зрабіць карту, і адправілі ў «Газпром». Там у мяне папрасілі пераклад замежнага пашпарта. Ён у мяне быў, але я не ўзяў яго з сабой. У выніку пашанцавала, што на ID-картцы даныя прапісаныя ў тым ліку на рускай мове. У выніку расійскую карту мне адкрылі, я туды паклаў грошы, прывязаў яе да праграмы — і ў нас атрымалася зарадзіцца. З-за гэтага вырашылі, што начаваць нідзе не будзем, а паедзем далей, каб нагнаць час.

У Самары быў адзін з нешматлікіх зарадных аператараў, які дазваляе зарэгістравацца з дапамогай беларускага нумара. Запусцілі мы зарадку, яе кошт — 18 з паловай расійскіх рублёў за кілават, а ў мяне з карты пачалі спісвацца па 18 з паловай беларускіх (26‑разовая розніца ў суме. — Заўв. «Анлайнера»)! Грошы ў мяне скончыліся імгненна, зарадка спынілася. Я напісаў пра гэту праблему ў чат электрамабілістаў. Яны адказалі, што гэтаму «касяку» ўжо тры гады і яго ніяк не выправяць. Грошы, дарэчы, пакуль не вярнулі.

Яшчэ адзін «прыкол» быў у Пензе. Там добрая магутная зарадная станцыя, але яна недаступная праз мабільны інтэрнэт. Пра гэта я даведаўся ад кіроўцы Tesla, які таксама прыехаў зарадзіцца. Ён растлумачыў, што побач ёсць салон, за 300 метраў ад яго даступны Wi-Fi. Трэба падключыць машыну да станцыі, затым злавіць інтэрнэт і пачаць сесію. Потым, калі машына зарадзіцца, усё паўтарыць у зваротнай паслядоўнасці.

— Не пашкадавалі, што адправіліся ў падарожжа на электракары?

— Ні ў якім разе. Нават думкі не праскоквала, маўляў, трэба было на «бензіне» ехаць. У выніку ж усё атрымалася. Галоўнае — ведаць усе нюансы і падрыхтавацца.

Казахскія стэпы

Станцыі на маршруце па Казахстане я таксама загадзя вывучыў. На нашым шляху было два ідучыя адзін за адным доўгія ўчасткі без зарадак: 395 і 450 км. Я папярэдне звязаўся з адным казахстанцам, які ў мінулым годзе ладзіў аўтапрабег па краіне на электракары. Прычым у яго машына з больш слабой батарэяй — на 57 кВт⋅г, але ён змог пераадолець гэтыя ўчасткі. У выніку я ехаў на круіз-кантролі з хуткасцю 90—95 км/г. Першы ўчастак прамінулі без праблем, а ў другім выпадку, калі даехалі да зарадкі, у нас заставалася ўсяго 70 км запасу ходу (на зваротным шляху пасля гэтага ўчастка — 30—32). Калі б станцыя паміж двума ўчасткамі не працавала — тады быў бы квэст. Дарэчы, каб запусціць зарадку, таксама патрэбныя былі праграма і мясцовая сім-карта — яе мы купілі на мяжы.

— А як справы са станцыямі ў Ташкенце?

— Калі я там быў чатыры гады таму, то ўсяго адзін раз сустрэў Tesla і адзін раз — электрычную BMW. Адпаведна, зарадак не было. Але цяпер іх куча. Рэч у тым, што ва Узбекістане пачалі зборку BYD.

Што паглядзець у Ташкенце і якую суму падрыхтаваць?

— Што глядзелі ў Ташкенце? Я традыцыйна з'ездзіў у горы і на вадаспады. Схадзілі на рынак, у гандлёвы цэнтр Tashkent City Mall. Паглядзеў, што ў прынцыпе змянілася за чатыры гады.

Што мы не наведалі ў Ташкенце (хоць варта было), дык гэта нядаўна адкрыты Цэнтр ісламскай цывілізацыі. Таксама мы думалі пра Самарканд, але вырашылі, што дадатковыя 300 км — гэта было б занадта.

Асобна варта адзначыць мясцовую кухню: у любым месцы смачна накормяць пловам або шашлыком.

Агульныя выдаткі (зарадкі, страхоўкі, платныя дарогі, харчаванне, пражыванне) — $530 на чалавека.

На зарадкі ў дарозе было выдаткавана 137,47 BYN, 16 673,6 RUB, 46 419,2 KZT (казахстанскі тэнге) і 96 780 UZS (узбекістанскі сум). У далярах па курсе на пачатак мая гэта $48,69, $222,9, $100,27 і $8,07 (сумарна амаль $380).

Якую б параду даў уладальнікам электракараў, якія збіраюцца адправіцца ў падарожжа? Калі машына з нармальнай батарэяй — то нічога не баяцца!

Чытайце таксама:

«Мець машыну, даражэйшую за кватэру? Такое магчыма толькі ў Мінску». Француз расказаў, чым яго здзіўляюць беларусы

Танны аналаг Егіпта. Беларуска расказала, як адпачыла ў Камбоджы

9 краін, якія варта наведаць беларусам у гэтым годзе. Парады ад падарожніка

«Усведамляю, што магу стаць першай беларускай, якая наведае ўсе краіны свету». Падарожніца з Мінска размаўляе на 8 мовах і марыць пражыць 200 гадоў

Як цяпер жыве «суровы турыст» з Беларусі, які стаў знакамітым 12 гадоў таму

Каментары да артыкула