БЕЛ Ł РУС

«Абанемент на спакойнае жыццё ануляваны». Камандуючы Сіламі БПЛА Украіны пракаментаваў налёт на Маскву і зноў прыгразіў Лукашэнку

17.05.2026 / 10:43

Nashaniva.com

«Юстас — Алексу Рыгоравічу» — Броўдзі зноў у абразлівай форме звярнуўся да Лукашэнкі. 

Фота беспілотніка, які апублікаваў Роберт Броўдзі

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі, вядомы пад пазыўным «Мадзяр», пракаментаваў маштабную атаку БПЛА на Маскву і Падмаскоўе, якая адбылася раніцай 17 мая, і звярнуўся да беларускага кіраўніцтва.

Броўдзі назваў атаку і цяперашнія магчымасці Украіны «версіяй 17.05».

Ён заявіў, што «шансы зраўняліся» — ад гэтага дня для расійскай сталіцы «скасаваны аднабаковы абанемент на спакойнае жыццё на Патрыках [элітны раён Масквы] і ў наваколлі».

«Масква цяпер ніколі не спіць», — паздзекаваўся ён.

Броўдзі зноў у абразлівай форме звярнуўся да Лукашэнкі. «Юстас — Алексу Рыгоравічу: важна, як увайсці ў патрэбную размову, але яшчэ важнейшае мастацтва выхаду з яе. Лукашэску, прыглядвайся да перспектыў», — напісаў ён.

Броўдзі зноў перайначыў прозвішча Лукашэнкі на Лукашэску — аналогія з Нікалае Чаўшэску, дыктатарам Румыніі, якога расстралялі ў выніку народнага паўстання 1989 года.

Гэтыя заявы былі зроблены на фоне нядаўніх слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ад 15 мая, што Масква актыўна спрабуе ўцягнуць Мінск у вайну і зноў выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для правядзення сваіх наступальных ваенных аперацый.

Пост Броўдзі з'яўляецца прамым папярэджаннем, што ў выпадку паўторнай агрэсіі з беларускага кірунку адказ аналагічнымі сродкамі чакае і аб'екты ў Беларусі.

Учора камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны таксама выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам».

«Мінскі гаўляйтар Лукашэску! Мы фіксуем пралёт кожнага асобнага шахеда, які, скарыстаўшыся калідорамі Беларусі, накіроўваецца ва Украіну, кожную тваю фрыкцыю і хістанне мілітарнага адцення…

Ты можаш колькі хочаш круціць вусы на камеру і хлусіць свайму застрашанаму народу пра «нейтралітэт», але твае канцавіны ўжо па самыя плечы ў крывавай юшцы забойстваў мірных украінцаў.

Трэк наступны: калідор для забойцаў = саўдзел = каса», — напісаў Броўдзі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула