БЕЛ Ł РУС

Адэкалон «Саша» лепшы за Dior Sauvage? Беларусы ўсляпую ацанілі водары

17.05.2026 / 14:30

Nashaniva.com

У цэнтры Брэста правялі парфумерны эксперымент. Мінакам на вуліцы прапанавалі ўсляпую ацаніць два пахі, нанесеныя на тэстарныя палоскі. На адным блотары быў культавы савецкі адэкалон «Саша», які і сёння можна купіць у крамах прыкладна за 5 рублёў, а на другім — значна больш дарагі Dior Sauvage.

Вынікі апытання аказаліся нечаканымі: жыхары горада блыталі танную класіку з раскошай, часам называлі пах «Сашы» больш прывабным і ацэньвалі яго ў сотні долараў.

Калі праўда раскрывалася, удзельнікі эксперыменту не маглі стрымаць смеху, а аўтар роліка заклікаў усіх не пераплачваць і купляць правераны часам айчынны прадукт. «Не чакаў ад Сашы», — напісаў ён.

Вялікая частка каментатарыў ахвотна кпіць з індустрыі высокай парфумерыі. Людзі адзначаюць, што ўся гэтая сітуацыя выдатна дэманструе простую ісціну: абсалютная большасць не адрознівае люксавыя ці нішавыя парфумы ад мас-маркету. На думку каментатараў, розніцу здольныя заўважыць хіба што прафесійныя эксперты, таму няма ніякага сэнсу пераплачваць за «панты», калі ў выніку адэкалон за пару рублёў усё адно «пахне дорага».

Хтосьці з іроніяй дадаў, што сапраўдная якасць вымяраецца толькі стойкасцю, многія сышліся на думцы, што брэнды проста прадаюць прыгожую карцінку, а іх сабекошт не перавышае некалькіх долараў.

Многія чытачы сур'ёзна зацікавіліся, дзе менавіта зараз можна набыць гэты «элітны» парфюм «Саша». У якасці самых папулярных лакацый, дзе «Саша» заўсёды ёсць, называюць прылаўкі «Белпошты», крамы сеткі «Міла» і дробныя шапікі.

Некаторыя пажартавалі, што пасля такога роліка маркетолагі брэнда хутка зафіксуюць шалёны ўсплёск пакупніцкай актыўнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула