У Літве абмяркоўваюць, ці абмежаваць аўтобусы з Беларусі
Міністр транспарту Літвы пакуль не бачыць неабходнасці ў поўнай забароне.
Фота: LookByMedia
У Літве на фоне апасенняў за бяспеку грамадзян усё часцей гучаць прапановы абмежаваць або нават цалкам забараніць аўтобуснае спалучэнне з Беларуссю. Нагодай сталі пагрозы затрыманняў, магчымай вярбоўкі і выкарыстання замежнікаў беларускім рэжымам у прапагандысцкіх мэтах, піша Delfi.
Цяпер з Вільнюса ў Мінск штодня адпраўляецца не менш за 12 аўтобусаў.
Латвія ўжо рыхтуе больш строгія меры. У краіне абмяркоўваецца праект поўнай забароны аўтобусных паездак у Беларусь і Расію. Латвійскія ўлады тлумачаць ініцыятыву неабходнасцю абараніць грамадзян ад магчымых пагроз з боку аўтарытарных рэжымаў.
Паводле слоў Вікторыі Чміліце-Нільсен (былой спікеркі парламента, старшыні Руху лібералаў), Беларусь выкарыстоўвае людзей як палітычных закладнікаў. Яна нагадала, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова затрымліваў замежных грамадзян, а затым выкарыстоўваў іх у палітычных перамовах і прапагандысцкіх кампаніях.
Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік кансерватыўнай партыі Літвы, лічыць, што краіны Балтыі павінны дзейнічаць узгоднена. «Калі Латвія ўзмацніць абмежаванні, а Літва — не, мы можам стаць слабым звяном», — папярэдзіў палітык.
У той жа час міністр транспарту Літвы Эўгеніюс Сабуціс пакуль не бачыць неабходнасці ў поўнай забароне. Паводле яго слоў, колькасць маршрутаў паміж Літвой і Беларуссю ўжо была скарочана амаль удвая, і гэтага, на думку міністэрства, дастаткова для кантролю сітуацыі.
«Пакуль адпаведныя службы не рэкамендуюць іншых мер, мы не бачым прычын абмяжоўваць свабоду перамяшчэння людзей», — заявіў міністр.
Аднак занепакоенасць уладаў узмацняецца на фоне новых выпадкаў выкарыстання затрыманых замежнікаў у беларускай прапагандзе. У прыватнасці, беларускія дзяржаўныя СМІ раней паказвалі затрыманага літоўца Міраслава Троцкіса, якога абвінавацілі ў шпіянажы.