Што цяпер з 11‑гадовай школьніцай, якую ў Гомелі пакусалі бяздомныя сабакі
Дзяўчынка вярталася дадому, калі да яе выбеглі чатыры сабакі. Укусы ў яе былі па ўсім целе.
Нейкі сабака ў той лесапаласе, дзе напалі на дзяўчынку. Скрыншот відэа
Выпадак у Гомелі, калі сабакі пакусалі 11‑гадовую дзяўчынку, стаў рэзанансным. Што цяпер са школьніцай, расказалі на СТБ.
Усё здарылася 8 мая. Дзяўчынка Ліда гуляла з сяброўкамі, прыблізна а чацвёртай гадзіне дня развіталася з імі і пайшла дадому. Ёй трэба было прайсці па сцежцы ў лесапаласе. Там дзяўчынка ўбачыла чатырох вялікіх сабак і спалохалася. У гэты момант нікога побач не было. Ліда спатыкнулася і ўпала, а сабакі наляцелі на яе і не далі падняцца. Дзяўчынка ўткнулася ў зямлю тварам і закрыла галаву рукамі.
Укусы ў яе былі па ўсім целе. Ацалеў толькі твар.
Сабак тады адагнаў мясцовы матацыкліст Аляксандр Равянок. Ён расказвае СТБ:
«Адзін шчоўкаў зубамі, яна спрабавала адмахнуцца нагой. Другі ў гэты момант за выцягнутую нагу кусаў і адбягаў. Ніхто ў яе моцна не ўчапіўся. Сабакі для 11‑гадовага дзіцяці былі даволі буйнымі. Недзе 35—40 сантыметраў у карку. Сабакі самі адступілі, як толькі я з’явіўся, але ў далейшым паспрабавалі наблізіцца. Атрымаўшы аплявуху, адзін завішчаў, другі за ім у лес адразу ж. Больш я іх не бачыў».
Мужчына, які выратаваў дзяўчынку. Скрыншот СТБ
Ліду даставілі ў бальніцу. Дзве гадзіны яе аперыравалі. Цяпер школьніца ідзе на папраўку, яе ўжо перавялі ў звычайную траўматалогію.
«Прагноз у яе спрыяльны. Я думаю, што ў хуткім часе, пасля зажыўлення ран і зняцця нашых швоў, яна вернецца да свайго паўнавартаснага жыцця», — кажа Аляксей Прыслопскі, траўматолаг-артапед Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.
Бацька Ліды кажа, што ў яе часам прападае памяць. «Яна кажа, што я з вамі размаўляю і тут жа забываю. Я не памятаю, што ўчора было. То бок памяць знікае. Потым як бы яна ўспамінае».
Пасля рэзананснага выпадку службы адлоўліваюць у Гомелі ўсіх бяздомных сабак і адпраўляюць у часовыя вальеры.
Чаму сабакі тады напалі на дзяўчынку? Галоўная версія — жывёлы абаранялі сваю тэрыторыю. Шалаш і будку ў лесапаласе знайшоў мужчына, які выратаваў школьніцу. Верагодна, тут жывуць бяздомныя, якія фактычна выгадавалі і прыручылі тых сабак.
Камунальныя службы навялі парадак у лесапаласе, а бяздомных перадалі міліцыі.