Беларускіх гімнастаў дапусцілі да спаборніцтваў са сцягам і гімнам
Рашэнне распаўсюджваецца на спартыўную гімнастыку, мастацкую гімнастыку, скачкі на батуце, акрабатыку і аэробіку.
Міжнародная федэрацыя гімнастыкі дазволіла беларускім і расійскім спартоўцам выступаць на спаборніцтвах з нацыянальнымі сцягамі і гімнамі. Адпаведнае рашэнне было прынята 17 мая на выканкаме арганізацыі ў Шарм-эш-Шэйху.
Яно распаўсюджваецца на спартыўную гімнастыку, мастацкую гімнастыку, скачкі на батуце, акрабатыку і аэробіку.
З 2022 года беларусы і расіяне былі адхіленыя ад турніраў World Gymnastics, а з 2024‑га маглі выступаць толькі ў нейтральным статусе.
Першымі змогуць выступіць прадстаўнікі спартыўнай акрабатыкі — на этапах Кубка свету ў Балгарыі і Азербайджане, якія пройдуць 29—31 мая, 5—7 чэрвеня і 19—21 чэрвеня.
Раней пра поўнае аднаўленне правоў атлетаў з Беларусі абвясцілі Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я, Сусветная баксёрская арганізацыя, Міжнародная федэрацыя валейбола, Аб’яднаны свет барацьбы, Міжнародная федэрацыя коннага спорту, Сусветная федэрацыя лучнікаў.