На ферме ў Слонімскім раёне работнікі з Непала спевамі сустракалі Караева ВІДЭА
«Вось ён які, добры народзец».
У сацсетках Гродзенскага аблвыканкама з’явілася відэа візіту кіраўніка вобласці Юрыя Караева на малочна-таварны комплекс «Забулле» ў Слонімскім раёне. На ім работнікі-непальцы сярод гною і кароў выканалі для чыноўніка песню на сваёй роднай мове.
Караеў выслухаў выступ з усмешкай, потым пасля перакладчыка падзякаваў замежным працаўнікам па-англійску.
«Вось так сустракаюць губернатара на МТК «Забулле» Слонімскага раёна», — гаворыцца ў подпісе да відэа.
Допіс выклікаў актыўнае абмеркаванне ў каментарах.
«Гэта што, прыкол?»
«Як жа сорамна».
«Жах».
«Як недарэчна выглядае».
«Ішоў 33‑і год «працвітання і стабільнасці», — пісалі тыя, хто адчуваў сорам за падзею.
Нехта пытаўся: «А дзе ж беларусы?» Нехта адказваў: «Дэпартавалі».
«Будучыня, якую мы заслужылі», — пісалі каментатары.
«Вось ён які, добры народзец», — рэзюмаваў нехта.