БЕЛ Ł РУС

Чаму старэйшыя дзеці разумнейшыя за малодшых? Тлумачаць навукоўцы

24.05.2026 / 13:56

Ідаля Салавей

Старэйшыя дзеці ў сем’ях у сярэднім лепш вучацца, часцей атрымліваюць вышэйшую адукацыю і больш зарабляюць у дарослым узросце. Гэтая заканамернасць вядомая навукоўцам ужо даўно, але яе прычыны заставаліся прадметам спрэчак.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва

Звычайна ўсё тлумачылі псіхалогіяй: маўляў, першынцы больш адказныя і дысцыплінаваныя, а малодшыя — прыроджаныя бунтаўшчыкі і авантурысты. Аднак буйныя даследаванні не знайшлі пераканаўчых доказаў таго, што парадак нараджэння сапраўды істотна ўплывае на тып асобы.

Новае даследаванне, на якое звяртае ўвагу The Economist, прапануе іншае тлумачэнне. Група навукоўцаў з ЗША, Кітая і Даніі заўважыла, што дзеці вельмі часта хварэюць, асабліва першыя гады жыцця. Аўтары задаліся пытаннем: ці не прыносяць старэйшыя дзеці інфекцыі дадому са школы, дзіцячага садка ці іншых кантактаў, заражаючы бацькоў і сваіх малодшых братоў і сясцёр?

Выкарыстоўваючы для аналізу адміністрацыйныя даныя Даніі, даследчыкі выявілі, што малодшыя дзеці ў два-тры разы часцей за старэйшых трапляюць у бальніцу з цяжкімі рэспіраторнымі захворваннямі на першым годзе жыцця. І гаворка ідзе не толькі пра часовую слабасць арганізма.

Навукоўцы мяркуюць, што раннія цяжкія хваробы могуць уплываць на развіццё мозгу як наўпрост (праз запаленчыя працэсы), так і ўскосна (перанакіроўваючы энергію арганізма ад развіцця органаў на барацьбу з інфекцыяй). У выніку наступствы такіх хвароб могуць адчувацца нават праз дзесяцігоддзі.

Аўтары выявілі прамую прычынна-выніковую сувязь паміж раннімі захворваннямі і ніжэйшымі заробкамі ў дарослым узросце. Іншыя навуковыя працы таксама пацвярджаюць, што высокая тэмпература і рэспіраторныя інфекцыі ў маці падчас цяжарнасці могуць негатыўна ўплываць на развіццё мозгу плоду.

Паводле ацэнак даследчыкаў, фактар хвароб можа тлумачыць прыкладна палову розніцы ў заробках паміж першым і другім дзіцём у сям’і.

Астатняя частка, магчыма, звязаная з паводзінамі бацькоў. Старэйшыя дзеці звычайна атрымліваюць больш увагі, асабліва ў першыя гады, пакуль яны адзіныя ў сям’і.

Амерыканскія звесткі пра выкарыстанне часу паказваюць, што на працягу ўсяго дзяцінства першынцы атрымліваюць у сярэднім на 20—30 хвілін больш «якаснага часу» з бацькамі штодня, чым другія дзеці ў тым жа ўзросце.

Даследчыкі тлумачаць гэта тым, што бацькі імкнуцца дзяліць сваю ўвагу паміж усімі дзецьмі пароўну ў кожны канкрэтны момант. Але паколькі новае немаўля патрабуе вельмі шмат сіл і догляду, старэйшаму дзіцяці ў моманце дастаецца менш часу.

Аднак у сукупнасці за ўсе гады старэйшыя дзеці ўсё роўна атрымліваюць больш інтэлектуальнай стымуляцыі ў вырашальны перыяд фармавання мозгу. Такім чынам, скаргі малодшых на недахоп увагі або несправядлівасць маюць пад сабой цалкам рэальную біялагічную і сацыяльную глебу.

Чытайце таксама:

Як зразумець немаўля? 

Бацькі выкрыкваюць гэтае імя, каб спыніць істэрыкі дзяцей — і трук працуе

Бацькі і дзеці: як выхоўваліся дзеці вялікіх прэзідэнтаў і як склалася іх жыццё

Каментары да артыкула