Рэпрадуктолаг распавяла, колькі ў Беларусі каштуе замарозіць яйцаклеткі
Замарожаныя яйцаклеткі могуць захоўвацца 10 і больш гадоў пры рэгулярнай аплаце.
Жанчыны ў Беларусі ўсё часцей звяртаюцца за замарожваннем яйцаклетак, каб адкласці нараджэнне дзіцяці і захаваць фертыльнасць, паведаміла рэпрадуктолаг Мінскага радзільнага дома №2 Ала Зубарава.
Працэдура ўключае абследаванне, стымуляцыю, забор яйцаклетак пад наркозам і крыякансервацыю. Захоўванне аплачвае пацыентка, і яно звычайна доўжыцца 10 гадоў і больш. Пры гатоўнасці праводзяць размарожванне, апладненне і перанос эмбрыёнаў.
«Часцей за ўсё звяртаюцца жанчыны незамужнія і больш позняга рэпрадуктыўнага ўзросту — 35 і больш гадоў», — сказала Ала Зубарава.
Да замарозкі яйцаклетак жанчыны звяртаюцца па розных прычынах. Частка пацыентак жадае адкласці нараджэнне дзіцяці на больш позні ўзрост па сацыяльных фактарах.
Сярод медыцынскіх паказанняў часта выступае выяўленне пухлін або іншых паталогій рэпрадуктыўнай сістэмы, калі будучае лячэнне можа паўплываць на фертыльнасць.
Замарожаныя яйцаклеткі могуць захоўвацца 10 і больш гадоў пры ўмове рэгулярнай аплаты, а спыняецца гэты працэс на падставе пісьмовай заявы жанчыны, пасля чаго ў прысутнасці спецыяльнай камісіі праводзіцца іх утылізацыя.
Кошт працэдуры складае ў сярэднім 3‑5 тысяч рублёў. Захоўванне — да 140 рублёў за 6 месяцаў.