Кая Калас: Расія, Кітай і ЗША хочуць разбурыць Еўрасаюз
Галоўны дыпламат ЕС заявіла, што Расія, ЗША і Кітай прытрымліваюцца палітыкі «падзяляй і ўладар» у дачыненні да Еўрасаюза.
Кая Калас. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Расія, ЗША і Кітай зацікаўленыя ў раз’яднанай Еўропе. Пра гэта заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас, пра што ў нядзелю, 17 мая, напісала DW.
«Чаму гэтыя дзяржавы хочуць разбурыць Еўрапейскі саюз? Таму што разам мы значна мацнейшыя», — заявіла яна на канферэнцыі ў Таліне.
«Яны не любяць Еўрапейскі саюз, гэта цалкам зразумела», — дадала Калас.
«Але мы павінны зразумець, чаму яны не любяць ЕС; чаму Кітай не любіць ЕС, чаму Расія не любіць. Гэта звязана з тым, што калі мы трымаемся разам, калі мы дзейнічаем супольна, то мы з’яўляемся роўнымі сіламі, мы моцныя», — падкрэсліла вярхоўны прадстаўнік ЕС.
Калас адзначыла, што, «вядома, прасцей» мець справу з асобнымі краінамі, якія значна меншыя па памеры, чым з блокам, здольным дзейнічаць як раўнапраўная сіла.
Паводле яе слоў, рыторыка ў духу «ў мяне з вамі выдатныя адносіны, але я не люблю Еўрапейскі саюз» — з’яўляецца часткай стратэгіі ЗША «падзяляй і ўладар».
Калас заклікала краіны Еўрасаюза не аслабляць блок
У гэтай сувязі кіраўніца знешнепалітычнай службы ЕС Кая Калас заклікала краіны саюза не аслабляць блок, заключаючы двухбаковыя пагадненні з Вашынгтонам. «Я вельмі занепакоеная, таму што часам бачу, як некаторыя краіны ідуць па гэтым шляху. Падзел сапраўды працуе», — лічыць Кая Калас.
З пачатку другога тэрміну Дональда Трампа шэраг краін ЕС імкнуліся захаваць уласныя каналы сувязі з Вашынгтонам, нагадала Politico. Пры гэтым, да прыкладу, прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні пазіцыянавала сябе ў якасці патэнцыйнага пасярэдніка паміж Еўропай і ЗША, пакуль гэтая стратэгія не правалілася ва ўмовах крытыкі Трампам папы рымскага Льва XIV.