У Мінску сталі пераносіць трамвайнае кальцо з ДС «Возера» бліжэй да цэнтра
Як зменіцца схема руху транспарту?
У сталіцы пачалі перанос разваротнага трамвайнага кальца, каб пазней выканаць пашырэнне Даўгінаўскага тракту з-за будаўніцтва лініі метро, пішуць Мінск-навіны.
Распрацаваны праект пашырэння ўчастка дарожнай сеткі — ад скрыжавання Даўгінаўскага тракту з завулкам Чарвякова да Старавіленскага тракту. Яго плануюць рэалізаваць у шэсць этапаў з улікам будучай веткі метро і размяшчэння станцыі падземкі на вуліцы Арлоўскай.
— Першая чарга будаўніцтва прадугледжвае дэмантаж трамвайных пуцей на тэрыторыі Старавіленскага тракту, перанос разваротнага трамвайнага кальца ад канцавой станцыі «Возера» да Палаца дзяцей і моладзі.
Таксама будзе выканана рэканструкцыя ўчастка вуліцы Старавіленскай (ад Нававіленскай да Арлоўскай) з перапрафіляваннем былых трамвайных пуцей пад палосы руху транспарту. Падчас другой чаргі вызваляць тэрыторыю Старавіленскага тракту. Трэцяя і наступныя будуць звязаныя выключна з будаўніча-мантажнымі работамі па пашырэнні Даўгінаўскага тракту, — расказаў дырэктар Гардарбуда Сяргей Панёў. — Акрамя таго, у планах рэканструкцыя скрыжавання і змяненне кірунку руху з даданнем левага паваротнага з’езда, узмацненне святлафорнага рэгулявання.
Новая схема арганізацыі дарожнага руху на скрыжаванні вуліцы Арлоўскай і Старавіленскага тракту пачне дзейнічаць у 2027 годзе.
Работы пацягнуць за сабой і змяненне курсіравання грамадскага транспарту.
— З-за пераносу разваротнага кальца ў раёне Палаца дзяцей і моладзі работу трамвайных маршрутаў скароцяць да новага кальца, — адзначыў дырэктар прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч. — Рух трамваяў па Старавіленскім тракце ад вуліцы Нававіленскай да дыспетчарскай станцыі «Возера» адмяняецца.
Аднак у перыяд рамонтных работ працягне курсіраваць пасажырскі транспарт па Даўгінаўскім тракце ад завулка Чарвякова да вуліцы Арлоўскай. Змены маршрутнай сеткі будуць рэалізоўвацца паэтапна ў залежнасці ад добраўпарадкавання неабходнай інфраструктуры.
Для зручнасці мінчан і гасцей горада плануюць штодзённа арганізаваць новы маршрут №263 «Аўтавакзал «Цэнтральны» — Нававіленская».
Мяркуецца, што ён будзе курсіраваць (пры ўзгадненні з упраўленнем ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама) па вуліцах Нававіленскай, Арлоўскай, Старавіленскім тракце, Даўмана, праспекце Машэрава, вуліцах М. Багдановіча, Няміга, плошчы Ф. Багушэвіча, вуліцах К. Цэткін і Бабруйскай. Гэта дазволіць стварыць прамое транспартнае злучэнне з трыма лініямі метро. Інтэрвал руху складзе не больш за 15 хвілін у час пік.
Юрый Супрановіч падкрэсліў, што змяненне схем руху пасажырскага транспарту — працаёмкі працэс, які патрабуе дэталёвага аналізу і вывучэння пасажырапатокаў.
— Цяпер складана адназначна сказаць, якія менавіта маршруты пасля пашырэння Даўгінаўскага тракту зменяць трасу руху. Аднак, калі гэта адбудзецца, будуць вывучаныя розныя варыянты і магчымасці, — дадаў ён. — Пасля завяршэння работ на ўчастку ад вуліцы Арлоўскай да завулка Чарвякова плануюць арганізаваць маршрут з раёна «Паўночны бераг» да станцыі метро Пушкінская. Мяркуецца, што там будуць курсіраваць электробусы асабліва вялікай умяшчальнасці.