БЕЛ Ł РУС

Мінчанка пазбавіла бацьку сваёй дачкі бацькоўскіх правоў, проста каб яго «лішні раз не турбаваць»

18.05.2026 / 14:56

Nashaniva.com

Сваякі мужчыны нават не ведаюць пра існаванне дачкі.

У Мінску суд разгледзеў грамадзянскую справу аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў бацькі 12‑гадовай дзяўчынкі, пішуць Мінск-навіны.

Жыхарка сталіцы расказала, што шмат гадоў таму была ў адносінах з іншаземцам, з якім планавала стварыць сям’ю. Пасля нараджэння дачкі мужчына афіцыйна прызнаў бацькоўства, аднак з часам пара разышлася.

Пазней бацька дзіцяці вярнуўся на радзіму, дзе стварыў новую сям’ю. У Беларусь ён прыязджае рэдка, хоць у яго застаецца дом пад Мінскам. Паводле слоў пазоўшчыцы, сваякі мужчыны нават не ведаюць пра існаванне дачкі.

Сама жанчына таксама выйшла замуж і захавала з былым партнёрам нармальныя адносіны. Яна не звярталася ў суд па аліменты і не прымала ад яго матэрыяльнай дапамогі. Чаму вырашыла ўсё ж звярнуцца ў суд? Проста каб лішні раз не турбаваць мужчыну наконт згоды на выезд дачкі за мяжу або змяненне рэгістрацыі.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Савецкага раёна Таццяна Літвінчук, адказчык цалкам прызнаў пазоў. Ён патлумачыў, што не плануе ўдзельнічаць у выхаванні дачкі, хаця пры неабходнасці гатовы аказваць фінансавую падтрымку. Апошні раз мужчына бачыў дзіця ў 2018 годзе.

Суд прыняў рашэнне пазбавіць мужчыну бацькоўскіх правоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула