Вядомы брытанскі відэаблогер склаў рэйтынг краін былога СССР. Беларусь паставіў на першае месца. Чаму?
Папулярны брытанскі трэвел-блогер Бенджамін Рыч, больш вядомы пад псеўданімам Bald and Bankrupt, падвёў вынікі сваіх шматгадовых падарожжаў. Наведаўшы за 35 гадоў усе 15 рэспублік былога Савецкага Саюза (некаторыя не адзін раз), ён вырашыў скласці іх рэйтынг — ад найгоршай да найлепшай. На вяршыні спіса апынулася Беларусь.
Бенджамін Рыч. Скрын відэа: baldandbankrupt / YouTube
На канал блогера падпісаны 4,5 мільёна чалавек. У сваім новым відэа, прысвечаным рэйтынгу краін былога СССР, Бенджамін Рыч адразу папярэдзіў гледачоў: яго ацэнка суб'ектыўная і не мае нічога агульнага з геапалітыкай ці эканамічнымі паказчыкамі.
«Гэты спіс складзены выключна на аснове майго асабістага досведу ў кожнай краіне. Ці знайшоў я агульную мову з мясцовымі? Ці была віза галаўным болем? Ці былі там файныя савецкія рэчы? Або, што самае важнае, ці былі мясцовыя бабулькі бойкімі ды вострымі на язык?» — тлумачыць свой падыход блогер.
Вось як выглядае яго топ-15:
1. Беларусь
2. Малдова
3. Украіна
4. Кыргызстан
5. Расія
6. Літва
7. Арменія
8. Узбекістан
9. Латвія
10. Грузія
11. Таджыкістан
12. Эстонія
13. Азербайджан
14. Казахстан
15. Туркменістан
Апошняе месца Туркменістана блогер патлумачыў татальным кантролем, адсутнасцю інтэрнэту і «кашмарнай» візавай працэдурай. А вось высокае месца Малдовы (2-е) абумоўлена «парталам у мінулае» — Прыднястроўем і неверагоднай прыязнасцю людзей.
Чаму Беларусь — нумар адзін?
Блогер адзначае, што бываў у Беларусі яшчэ да таго, як стаў зоркай YouTube. Пад псеўданімам Артур Чычэстэр ён напісаў кнігу «The Burning Edge: Travels Through Irradiated Belarus» («На палымнеючым краі: Падарожжы па апрамененнай Беларусі»).
«Беларусь для мяне — гэта не проста краіна, гэта цэлая атмасфера, і яна — мая любімая з усіх былых савецкіх рэспублік. (…) Я вярнуўся туды з камерай, каб паказаць вам тыя ж месцы і людзей з апрамененага ўсходу, якія гадамі не выходзілі ў мяне з галавы», — тлумачыць блогер.
Бенджамін Рыч прызнаецца, што ў большасці краін са спіса ён шукаў мазаікі, статуі Леніна і танныя сталоўкі. Але з Беларуссю ўсё было па-іншаму.
«Для мяне Беларусь заўсёды была перадусім пра людзей — і пра гісторыі, якімі яны дзяліліся. Звычайна гэтыя гісторыі гучалі за чаркамі маёй любімай мясцовай гарэлкі — «Дзікая качка», —
кажа блогер і згадвае сваіх герояў, якія сталі легендамі яго канала: пустэльніка Колю, які жыве адзін глыбока ў лесе; вясёлых сяброў з Чачэрска; «шашлычную банду» з зоны адчужэння; 100‑гадовую бабульку, «якая жыве са сваім сынам глыбока ў радыяцыйным лесе і якая бачыла, як усё XX стагоддзе праносіцца міма яе маленькай вёсачкі»; а таксама дзяўчыну з Мінска, якая навучыла, як пранесці ката ў ніжняй бялізне.
Блогер падкрэслівае, што менавіта Беларусь адкрыла яго «савецкі» цыкл відэа, які ў выніку прывёў яго да сусветнай папулярнасці.
«Давайце вернемся ў самы пачатак, калі значна маладзейшая версія мяне ішла па вуліцах Бабруйска, паказваючы на архітэктуру і знакі аўтавакзала. Тады я ўпершыню прамовіў слова «савецкі» на гэтым канале, не ведаючы, ці палічыць хтосьці яшчэ ўсё гэта такім жа цікавым, як я. Гэтае пытанне атрымала гучны і ясны адказ ад усіх вас, хто працягваў глядзець», — згадвае ён.
«Беларусь, ты — тое месца, з якога ўсё пачалося. І таму для мяне ты — галоўная савецкая рэспубліка», — падсумаваў Бенджамін Рыч.
Чытайце таксама:
Польскі блогер наведаў Беларусь — некаторыя яго высновы вас здзівяць
Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла
Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым