У Мінску ў гэту суботу пачнецца летні музычна-турыстычны сезон
Пра тое, якую праграму падрыхтавалі арганізатары сёлета, расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына 18 мая, пішуць Мінск-навіны.
Сёлета пляцоўкай для культурных мерапрыемстваў стане не толькі тэрыторыя Верхняга горада. Геаграфія забаў пашырыцца таксама на гісторыка-культурны комплекс «Лошыцкі», Ракаўскі дворык і пляцоўку каля Палаца спорту.
Мінскі фестываль народных рамёстваў адкрые летні музычна-турыстычны сезон.
— На тэрыторыі Верхняга горада можна будзе паслухаць класічную музыку. Акрамя таго, мы вяртаем праект «Джазавыя вечары каля ратушы», — паведаміла Кацярына Лучына. — Таксама тут запрацуюць бібліятэка пад адкрытым небам, лакацыя для дзяцей і пляцоўка-караоке, дзе ахвотныя змогуць пазмагацца ў вакальным мастацтве.
У гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі» па пятніцах будуць ладзіцца тэатральныя вечары. А па суботах ён будзе прымаць новы гарадскі праект — «Формулу поспеху». Свой талент у ім пакажуць студэнты сталічных ВНУ.
Пляцоўка каля Палаца спорту пачне працаваць 30 мая.
— Падрыхтаваны яркія, цікавыя маладзёжныя праграмы, — расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама. — Па пятніцах каля амфітэатра тут будуць праходзіць вячэрнія кінапаказы. Чакаем тут і аматараў інтэлектуальных і музычных квізаў. Па суботах каля Палаца спорту пройдуць канцэрты з удзелам усіх радыёстанцый сталіцы, у тым ліку «Радыё-Мінск». А ў нядзелю гэта пляцоўка прыме спартыўныя мерапрыемствы.
Таксама Лучына паведаміла, што ў гэтым годзе вырашылі адрадзіць праект «Пешаходка». Гэта фестываль вулічных музыкаў і артыстаў у Мінску, які ладзіцца ў цёплую пару года. Паказаць свае таленты можа кожны! Палажэнне пра конкурс і парадак падачы заявак на ўдзел размешчаныя на сайце Мінгарвыканкама.