Лаўроў выключыў удзел Расіі ў «Еўрабачанні» з-за сатанізму
«Мы не пацягнем крытэрыі, якія цяпер вызначаюць удзельнікаў Еўрабачання і якія па-сапраўднаму з’яўляюцца крытэрыямі адкрытага сатанізму», — сказаў міністр замежных спраў Расіі
Фота: Adi Weda / Pool Photo via AP
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў выключыў удзел Расіі ў «Еўрабачанні» з-за «сатанізму» на конкурсе, паведамляе «Дождь».
«Я хачу адразу сказаць: мы не пацягнем крытэрыі, якія цяпер вызначаюць удзельнікаў Еўрабачання і якія па-сапраўднаму з’яўляюцца крытэрыямі адкрытага сатанізму. Не пацягнем мы, шчыра кажучы», — заявіў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.
У пятніцу дырэктар конкурсу Марцін Грын дапусціў магчымасць вяртання Расіі на конкурс і заявіў, што краіну адхілілі не з-за пачатку вайны супраць Украіны, а таму што не ўдалося даказаць незалежнасць дзяржаўнага вяшчальніка ВГТРК ад Крамля.
Пры гэтым ужо перад фіналам «Еўрабачання» Грын заявіў, што ніякіх планаў аб вяртанні расійскіх вяшчальнікаў няма.
Арганізатары конкурсу абвясцілі аб выключэнні Расіі з удзелу 25 лютага 2022 года. Беларусь адхілілі ў 2021 годзе.
Расія ў адказ у мінулым годзе правяла конкурс «Інтэрбачанне».