БЕЛ Ł РУС

У Віцебскай вобласці ўпаў баявы дрон, яго ў той жа дзень падарвалі на месцы

18.05.2026 / 22:29

Nashaniva.com

Як стала вядома «Нашай Ніве» з дзвюх крыніц, 17 мая на тэрыторыі Беларусі ўпаў баявы дрон. Ён не ўзарваўся сам, сілавікі падарвалі яго на месцы. Гэта здарылася на поўдзень ад Глыбокага. 

Дрон. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo Evgeniy Maloletka

Афіцыйныя структуры пра інцыдэнт не паведамлялі.

Гэта ўжо не першы выпадак залёту і падзення ў Беларусі баявых дронаў. У сувязі з закрытасцю інфармацыі невядома, дрон якой краіны заляцеў у Беларусь на гэты раз. 

Расія выкарыстоўвала паветраную прастору Беларусі для атак па Украіне. 

Украінцы змагаюцца з атакамі дронаў па-рознаму, у тым ліку электронна, у выніку чаго расійскія дроны часам вар'яцеюць і адвольна мяняюць траекторыю, часам аказваючыся ў Беларусі. 

Аналагічныя захады прымяняюць і расіяне.

Учора адзін украінскі дрон з выбухоўкай заляцеў у Літву. Ён быў знойдзены ў горадзе Уцяна на паўночным усходзе краіны, прыкладна за 40 км ад меж Латвіі і Беларусі. Раней збітыя з курсу ўкраінскія дроны апыналіся ў Літве, Латвіі, Эстоніі і нават Фінляндыі.

Абмены ракетна-дронавымі ўдарамі між Расіяй і Украінай дасягнулі вялікай інтэнсіўнасцю. Некаторыя дні над адной і другой краінамі збіваюць да тысячы дальнабойных беспілотнікаў.

Расія і рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў 2022 годзе разлічвалі захапіць Кіеў за тры-чатыры дні. Аднак бліцкрыг не ўдаўся. Вайна працягваецца ўжо пяты год. Пасля таго як стала зразумела, што яна зацягваецца, расійскія войскі выйшлі з беларускай тэрыторыі, але беларускі ВПК працягвае працаваць на патрэбы расійскай арміі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула