БЕЛ Ł РУС

Суд адхіліў гучны пазоў Ілана Маска супраць кампаніі OpenAI і яе кіраўніка Сэма Альтмана

19.05.2026 / 07:45

Nashaniva.com

Калегія прысяжных у Каліфорніі аднагалосна спыніла разгляд справы, паколькі Маск падаў пазоў пасля заканчэння тэрміну даўнасці для такіх пазоваў, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Benjamin Fanjoy/Getty Images

Маск абвінавачваў Альтмана ў парушэнні некамерцыйнага пагаднення з-за таго, што той ператварыў OpenAI ў камерцыйную кампанію пасля таго, як Маск ахвяраваў 38 мільёнаў даляраў.

Паводле Маска, Альтман падмануў яго: прыняў ахвяраванне, а пасля адмовіўся ад першапачатковай некамерцыйнай місіі OpenAI — распрацоўваць тэхналогіі штучнага інтэлекту на карысць чалавецтва.

У OpenAI сцвярджалі, што пераўтварэнне ў камерцыйную структуру было неабходнае, каб кампанія магла зарабляць сродкі для далейшага развіцця штучнага інтэлекту.

Прысяжныя на працягу трох тыдняў вывучалі ўнутраную перапіску і слухалі сведчанні. Вердыкт быў вынесены прыкладна пасля дзвюх гадзін абмеркавання.

Сведкамі па справе выступілі самі Маск і Альтман, а таксама генеральны дырэктар Microsoft Сацья Надэла, якога Маск абвінавачваў у саўдзеле ў гэтай схеме.

У першы дзень суда Маск выступіў у цёмным касцюме і гальштуку. Адзін з яго адвакатаў спытаў, у чым сутнасць пазову.

«Насамрэч усё вельмі проста, — сказаў Маск. — Нельга скрасці дабрачынную арганізацыю… Калі дапусціць крадзеж дабрачыннай арганізацыі, то ўся аснова дабрачыннасці будзе разбурана».

Аднак Альтман у сваіх паказаннях заявіў, што Маск не толькі падтрымліваў ідэю пераўтварэння OpenAI ў камерцыйную кампанію, але і хацеў кантраляваць яе ў доўгатэрміновай перспектыве.

«Асабліва трывожным быў момант, калі мае сузаснавальнікі спыталі [Маска]: «Калі кантроль будзе ў вас, што адбудзецца пасля вашай смерці?» Ён адказаў нешта кшталту: «Магчыма, кантроль павінен перайсці маім дзецям», — распавёў Альтман.

Іншыя пазовы Маска, у тым ліку супраць Microsoft, таксама былі адхіленыя ў адпаведнасці з законам пасля рашэння прысяжных па двух пазовах супраць OpenAI.

OpenAI была заснаваная Маскам і Альтманам у 2015 годзе як некамерцыйная арганізацыя. У лютым 2018 года адносіны паміж сузаснавальнікамі пагоршыліся, і Ілан Маск пакінуў савет дырэктараў OpenAI.

Прадстаўнік OpenAI Сэм Сінер, адказваючы на пытанні журналістаў каля будынка суда, назваў вердыкт «велізарнай перамогай».

«Гэта была ўсяго толькі спроба спадара Маска запаволіць канкурэнта», — заявіў ён, дадаўшы, што гэта перамога «і для сістэмы правасуддзя».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула