БЕЛ Ł РУС

Статкевіч: Ядзерная трэніроўка ў Беларусі — гэта пагроза, найперш, Еўропе

19.05.2026 / 09:35

Nashaniva.com

Палітык і экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале паразважаў пра варыянты працягу вайны Расіі супраць Украіны.

Устаноўка «Арэшнік». Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP

«Калі раней расійская афіцыйная прапаганда неяк яшчэ магла падтрымліваць у сваіх спажыўцоў веру ў хуткую перамогу над Украінай, то пасля здзеклівага дазволу прэзідэнта Зяленскага на скукожанае святкаванне сакральнай для расійцаў даты 9 мая і масавага зваротнага ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў па Маскве ўтойваць рэальны стан рэчаў стала немагчымым.

Па аўтарытэце Крамля ў вачах падданых быў нанесены магутны ўдар, што ў вачах насельнікаў Крамля з'яўляецца ганьбай і пагрозай адначасова. Магчыма, гэтыя падзеі прымусяць іх больш рэальна ацэньваць хаду і перспектывы вайны.

Галоўная з высноў — Украіна здолела перавесці вайну на іншы тэхналагічны ўзровень, дзе, дзякуючы дапамозе сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, энергіі свайго вольнага бізнесу і таленту інжынераў, атрымлівае перавагу.

Няцяжка ацаніць перспектывы развіцця падзей. Памылка ў ацэнцы матываў еўрапейскіх краін, якія ад пачатку канфлікту лічыліся Масквой толькі пакорлівымі марыянеткамі Вашынгтона, вядзе да таго, што іх падтрымка Украіны не спыняецца, незалежна на спадзяванні Крамля на змены ў пазіцыі Амерыкі.

Гэта значыць, што фінансавая, ваенная, тэхналагічная і палітычная дапамога Кіеву будзе толькі нарастаць, не зважаючы на пазіцыю Вашынгтона.

Гэта значыць, што тэхналагічная перавага Украіны на полі бою, абапіраючыся на практычна неабмежаванае забеспячэнне фінансамі, электроннымі, а пры патрэбе, і механічнымі кампанентамі будзе толькі расці.

Гэта значыць, што ўкраінцы ў хуткім часе здолеюць нівеліраваць за кошт паветраных і наземных дронаў колькасную перавагу Расіі, на якую так спадзявалася Масква.

Гэта значыць, што УСУ здолеюць ужо ў наступным зімнім сезоне наносіць нічым не абмежаваныя ўдары ўласнымі балістычнымі ракетамі па энэргетычных аб'ектах РФ, што ва ўмовах расійскай зімы, не раўнуй нашмат больш халоднай за ўкраінскую, можа прывесці да маштабных гуманітарных катастроф у Расіі.

Гэта значыць, што Украіна хутка здолее разгарнуць уласныя арбітальныя групоўкі спадарожнікаў для выведкі і сувязі.

Урэшце, усё гэта значыць тупіковую ваенную сітуацыю для Масквы, калі там не будуць знойдзеныя новыя, больш эфектыўныя варыянты працягу вайны.

Якія гэта могуць быць варыянты:

1) мабілізацыя. Але ва ўмовах росту тэхналагічнай перавагі Украіны на полі бою яна можа прывесці толькі да рэзкага павелічэння баявых страт, незадаволенасці ў грамадстве, эміграцыі мужчын, росту выдаткаў на выплаты сем'ям загінулых, змяншэння колькасці занятых у эканоміцы.

2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі. Паўтор аперацыі 2022 года пры адсутнасці фактару раптоўнасці і гатоўнасці ўкраінскага боку не атрымаецца. Прымушэнне да ўдзелу ў вайне беларускага рэжыму вялікай карысці не прынясе, бо нават напад усіх 23 тысяч сухапутных войскаў Беларусі пры адсутнасці ў іх баявога досведу, навыкаў масавага баявога прымянення дронаў, ды і неабходнай колькасці саміх дронаў прывядзе толькі да знішчэння нафтаперапрацоўчых заводаў, бліжэйшых чыгуначных станцый ды блакавання маршрутаў забеспячэння групоўкі ўварвання. І ў выніку — да яе знішчэння. Шматлікія «спецназы» ўнутраных войскаў, навучаныя для разгону бяззбройных дэманстрантаў ды затрымання ўзброеных кухонным нажом п'яных зламыснікаў, толькі падвысяць лік баявых страт. Масавая ж мабілізацыя людзей, якія ў сваёй масе хочуць палітычных перамен, можа прывесці толькі да масавай здачы ў палон ці пераходу цэлых падраздзяленняў на супрацьлеглы бок, ці, нават, да ўзброеных мяцяжоў. Карацей, лепш і не спрабаваць.

3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Пагрозы гэтага ўжо прагучалі напярэдадні параду 9 мая. Не сумняюся, што «дазвол» Зяленскага на парад 9 мая расейскія генералы ўжо трактавалі свайму галоўнаму начальніку як вымушаны страхам перад пагрозай ядзернай зброі. Таму гэтыя пагрозы будуць працягвацца.

Найбольш эфектыўным відам такіх пагроз у Крамлі лічаць трэніроўкі па баявым прымяненні ядзернай зброі. Звычайна ядзерныя боегалоўкі ў расійскім войску, адрозна ад NATO, захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава.

Перад іх прымяненнем боегалоўкі калонамі закрытых грузавых аўтамабіляў пад аховай развозяцца да сродкаў іх прымянення — самалётаў ці ракет. Сама гэта дастаўка перыядычна трэніруецца.

Але такія трэніроўкі маюць і іншы сэнс. Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць — сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядзернага нападу будзе замаскіраваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з'яўляецца пагрозай ядзерным нападам. Пасля пачатку расійска-украінскай вайны Пуцін неаднаразова аб'яўляў такія трэніроўкі ў маштабах усёй Расіі, каб напалохаць Захад і прымусіць яго спыніць падтрымку Украіны. Але ядзерная трэніроўка толькі ў Беларусі гэта пагроза, найперш, Еўропе. У першую чаргу, Украіне і суседнім краінам NATO.

ЗША гэтая пагроза не тычыцца, бо нават мадыфікаваны пад «Арэшнік» «Ярс» туды з Беларусі проста не даляціць. Так робіцца ў спадзяванні, што пры сённяшняй адміністрацыі Амерыка не ўмяшаецца пры ядзерным нападзе на еўрапейскія краіны NATO ці Украіну. Пры папярэдняй адміністрацыі не пасмелі б, а цяпер лічаць, што можна. Асаблівасць частых пагроз у тым, што яны зніжаюць псіхалагічны парог іх рэалізацыі і таму раней ці пазней могуць быць здзейснены. Пра наступствы для Беларусі і пагрозу краінам Балтыі я ўжо пісаў на гэтым канале адразу пасля вызвалення.

Цяпер наконт небяспекі для Украіны. На мой погляд, мажлівыя два варыянты ядзернага ўдару па ёй. Каля лініі фронту, каб дэмаралізаваць ці знішчыць абарону. Але як рабіць гэта на Данбасе, які, згодна з расійскай Канстытуцыяй, лічыцца ўжо часткай РФ. Рабіць непрыдатнай для жыцця частку РФ — які тады сэнс у такім «вызваленні»?

Нанесці ж удар па «цэнтрах прыняцця рашэнняў», гэта значыць знішчыць цэнтр і святыні «мацері гарадоў рускіх». А як жа з расійскім гістарычным міфам? Севастопальскія «наваробы» не ў лік. І помнік князю Уладзіміру з Масквы прыйдзецца прыбраць.

З іншых аргументаў супраць удару — поўная міжнародная ізаляцыя РФ, але ж яна і так блізкая да таго. Пра маральныя абмежаванні зараз лепей і не ўзгадваць.

Я вымушаны рабіць такія страшныя прагнозы, каб паменшыць імавернасць іх рэалізацыі. Менш за ўсё хацеў бы, каб яны спраўдзіліся», — заключыў Мікалай Статкевіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула