«Калі спыняцца допыты?» Памежны камітэт прапанаваў у Threads звяртацца з пытаннямі
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі апублікаваў у Threads пост з заклікам: «Плануеце перасячэнне беларускай мяжы? Задавайце пытанні!» Беларусы і турысты адгукнуліся хваляй вострых запытаў, якія тычыліся праверак тэлефонаў, допытаў і міграцыйнага крызісу. На большасць нязручных каментароў афіцыйных адказаў няма.
Найбольш балючай тэмай для каментатараў стала практыка праверак гаджэтаў і правядзення так званых «размоў».
«Калі спыняцца допыты на мяжы? Людзі баяцца ездзіць».
«Згодна з якім законам выклікаюць на «гутаркі» і правяраюць тэлефоны? Якія меры прымяняюцца да супрацоўнікаў, якія парушаюць заканадаўства і перавышаюць паўнамоцтвы?»
«Чаму мяне праз раз выклікаюць на так званыя «гутаркі» і як можна пазбегнуць гэтай працэдуры?»
«З якіх каўрыжак я павінен даваць мой тэлефон на мяжы нейкаму гэбню і дазваляць чытаць свае перапіскі?»
«Які закон дазваляе памежнікам глядзець без санкцыі пракурора асабістыя гаджэты грамадзян? І затрымліваць за адмову іх разблакіраваць?»
Адна з карыстальніц падзялілася нават досведам вяртання на радзіму, у выніку, «вяртацца ў Беларусь стала агідна».
«Паказвала пасведчанне на вяртанне ў Беларусь, і памежнікі нават не зразумелі, што гэта такое. Пачаліся дурныя пытанні. Наступным разам звяртайцеся да вышэйшага кіраўніцтва або падключайце сувязі. Тэлефон забаранілі глядзець без важкай прычыны. Займаюцца абы-чым. Вяртацца ў Беларусь стала агідна».
Акрамя тэмы палітычнага пераследу на мяжы, беларусы паднялі пытанне датычнасці сілавікоў да стварэння штучнага міграцыйнага крызісу на межах з Еўрасаюзам.
«Што за людзі ў камуфляжы дапамагаюць натоўпам нелегальных мігрантаў штурмаваць межы краін ЕС? Як вам удаецца не заўважаць натоўпы нелегальных мігрантаў, якія ходзяць уздоўж мяжы з драбінамі, паляць вогнішчы і робяць падкопы?»
Таксама грамадзян цікавіла моўнае пытанне і асаблівасці працы кантрольных службаў.
«Ці валодаеце вы беларускай мовай? І ці карыстаецеся вы ёй на службе?»
Такія рэплікі застаюцца па-за ўвагай прэс-службы камітэта. Шмат якія вострыя каментары паступова знікаюць.
Адным з самых лайканых стаў каментар: «Чаму фраза «Плануеце перасячэнне беларускай мяжы?» у вашым выкананні гучыць як пагроза?»