Латушка перамог усіх на выбарах у Каардынацыйную раду
У выбарах у Каардынацыйную раду ўзялі ўдзел 2113 чалавек. У мінулых выбарах два гады таму прагаласавалі 6723 чалавекі.
Павел Латушка. Фота: lookby.media
Удзел у выбарах бралі дзевяць блокаў (першапачаткова 174 чалавекі, потым некалькі чалавек зняліся).
Каб прайсці ў КР, трэба было набраць тры працэнты.
На выбарах прагаласавалі 2113 чалавек.
Больш за ўсіх — 42% — у Кааліцыі Латушкі і Руху «За Свабоду».
На другім месцы з 14% спіс «Еўрапейскі выбар» на чале з Валерам Мацкевічам. Гэта фракцыя, блізкая да Офіса Ціханоўскай.
На трэцім — «Воля», касцяк якога склалі добраахвотнікі-каліноўцы.
На 4‑м месцы — спіс актывістаў маладога пакалення «Наступ».
«Закон і правапарадак» Аляксандра Азарава набраў 1,18% (25 галасоў), і ў КР не трапляе.
Такім чынам у КР (80 дэлегатаў) будзе ад Кааліцыі Латушкі і руху «За свабоду» — 34 чалавекі, «Еўрапейскі выбар» — 11, «Наступ», рух «Воля» — 8, АГП — 6, «Хопіць баяцца» — 5, «Ваш голас», «Беларусы дзеяння» — 4.
Выбары павінны былі пачацца а 00:00 у ноч на панядзелак 11 мая, але пачатак быў перанесены на 22:00 панядзелка 11 мая. Таксама галасаванне было падоўжана на 36 гадзін і скончылася а 12‑й сёння.
У 2024 годзе ў выбарах у КР узялі ўдзел 6723 чалавекі.