БЕЛ Ł РУС

У Мінску злодзей ехаў па аб’яве прадаваць скрадзены тэлефон, але ў аўтобусе сустрэў яго гаспадара

19.05.2026 / 15:25

Nashaniva.com

Гісторыя, вартая сюжэта крымінальнай камедыі, адбылася ў Мінску. 28‑гадовы серыйны злодзей скраў дарагі тэлефон у новага знаёмага, але атрымаць грошы не паспеў, бо выпадкова сеў з ахвярай у адзін транспарт.

Усё пачалося з таго, што хлопцы пазнаёміліся ў міліцэйскім пастарунку. Яны абодва былі затрыманыя па розных справах — за што менавіта, не паведамляецца.

Яны хутка знайшлі супольную мову. Калі іх адпусцілі, мужчыны вырашылі адзначыць сваё вызваленне і накіраваліся ў госці да аднаго з іх.

Там госць заўважыў каробку ад новенькага смартфона і адразу прыдумаў план: спачатку ён скраў каробку, а калі яны разам пайшлі ў краму, папрасіў у гаспадара і сам тэлефон нібыта «на хвілінку патэлефанаваць».

Смартфон каштаваў 1750 рублёў. Уладальнік даў гаджэт і пайшоў у краму, а яго новы прыяцель проста сышоў, выкінуўшы па дарозе сім-карту.

Пазней мужчына выставіў скрадзены тэлефон на папулярную гандлёвую пляцоўку ў інтэрнэце. Пакупнік знайшоўся хутка, і яны дамовіліся пра сустрэчу.

Прадавец сеў у аўтобус і паехаў на здзелку, як раптам у салоне яго нехта паклікаў.

Па неймаверным супадзенні ў гэты ж самы аўтобус зайшоў той самы пацярпелы, які адразу пацікавіўся, дзе ж яго маёмасць.

Смартфон давялося вярнуць на месцы, у аўтобусе пачалася сварка. Мужчыны разам выйшлі на найбліжэйшым прыпынку, дзе гаспадар тэлефона пабачыў міліцыянера і тут жа здаў яму ашуканца.

Як паведамілі «Мінск-Навінам» у пракуратуры Фрунзенскага раёна, затрыманы мінчанін афіцыйна не працуе, разведзены і ўжо мае пяць судзімасцей за крадзяжы. На яго завялі чарговую крымінальную справу. Сваю віну ён цалкам прызнаў. Акрамя суду, мужчыну чакае прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула