БЕЛ Ł РУС

Тур заклікае рыхтавацца да вайны, таму што «Еўрасаюз не здасца на літасць саюза трох імперый»

20.05.2026 / 11:06

Вінцэсь Клепачэня

«Лукашэнка дакладна ведае пра сітуацыю ў свеце і рэгіёне больш за ўсіх разам узятых. Ведае ў тым ліку таму, што толькі ён сябруе і з Пуціным, і з Сі Цзіньпінам, і з Трампам», — пераконвае лукашэнкаўскі прапагандыст.

Ігар Тур. Скрын відэа

У чарговым выпуску свайго праекта «Прапаганда» Ігар Тур запэўніваў гледачоў у тым, што сёння асноўныя гульцы на сусветнай арэне — Масква, Пекін і Вашынгтон — шукаюць шляхі да кампрамісу, і Мінск актыўна спрыяе гэтаму дыялогу.

«Здавалася б, Беларусь у выйгрышы, але Аляксандр Лукашэнка настойвае, што Еўропа павінна быць яшчэ адным слупом сусветнага парадку, таму што чым больш слупоў, тым, відавочна, больш устойлівая ўся канструкцыя», — даводзіць Тур.

Аднак, па словах прапагандыста, тут узнікае сур'ёзная праблема:

«Проста так Еўрасаюз не здасца нават на літасць саюза трох імперый, а будзе абараняцца да апошняга і любымі метадамі, каб выжыць, уключаючы ваенныя».

Па словах Тура, менавіта з Еўропы ў Беларусі «рызыкі і пагрозы, якія ўзрастаюць».

«І калі кіраўнік дзяржавы кажа «трэба быць гатовымі да вайны», трэба рыхтавацца — і вайскоўцам, і ўсім у эканоміцы, няхай і «хоць бы не было вайны», —

даводзіць прапагандыст і згадвае нядаўнюю нараду Лукашэнкі, на якой той хваліўся, што за пяць гадоў удзельная вага сучасных узораў узбраення вырасла да 45%, а доля тых, што штогод абнаўляюцца, — да 2%.

Звярнуў увагу Тур і на сустрэчу Лукашэнкі з міністрам абароны Віктарам Хрэніным, якая адбылася на другі дзень пасля нарады.

«Гаварылі аб камандным складзе ў беларускай арміі і высновах з раптоўнай праверкі боегатоўнасці. (…) Хто справіўся з камандзіраў і афіцэраў — малайцы, хто не гатовы — іх, мяркуючы па ўсім, будуць мяняць», —

пракаментаваў вынікі размовы Тур і дадаў, што матывацыю для прыняцця рашэння не заўсёды Лукашэнка можа публічна агучыць, «але ён дакладна ведае аб сітуацыі ў свеце і рэгіёне больш за ўсіх разам узятых. Ведае ў тым ліку таму, што толькі ён сябруе і з Пуціным, і з Сі Цзіньпінам, і з Трампам».

Чытайце таксама:

«Кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны». Лукашэнка анансаваў змены ў войску

Лукашэнка заявіў пра намер пераносіць у Беларусь парэшткі савецкіх салдат з еўрапейскіх краін

Ціханоўская: Лукашэнка вядзе Беларусь да вялікай бяды

Каментары да артыкула