БЕЛ Ł РУС

Гарыць буйны нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл» у Ніжагародскай вобласці

20.05.2026 / 08:09

Nashaniva.com

Раніцай 20 мая горад Кстова Ніжагародскай вобласці РФ быў атакаваны дронамі. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра серыю выбухаў, пасля якіх на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода «Лукойл-Ніжагароднафтаоргсінтэз» успыхнуў пажар. 

Генеральны штаб УСУ заявіў, што Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па НПЗ у Кстове, а таксама па нафтаперапамповачнай станцыі «Яраслаўль-3».

Згодна з OSINT-аналізам выдання ASTRA, на заводзе была атакавана ўстаноўка ЭЛОУ-АВТ. Гэта ключавы комплекс для першаснай перапрацоўкі нафты. Пашкоджанне гэтай устаноўкі здольнае істотна затармазіць увесь вытворчы ланцужок.

«Лукойл-Ніжагораднафтаоргсінтэз» з'яўляецца адным з найбуйнейшых НПЗ у Расіі з магутнасцю каля 17 мільёнаў тон нафты за год. Завод выпускае больш за 50 найменняў нафтапрадуктаў і адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні Маскоўскага рэгіёна.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што толькі за апошнія месяцы расійская нафтаперапрацоўка скарацілася на 10%. Праз сістэматычныя налёты расійскія кампаніі вымушаны спыняць свідравіны, што для іх здабычы з'яўляецца нават больш балючым ударам, чым прамыя эканамічныя страты.

Таксама ўкраінскія дроны атакавалі хімзавод «Азот» у Стаўрапольскім краі РФ горада Нявіннамыска. Пра налёт на «прамысловую зону» паведаміў губернатар рэгіёна Уладзімір Уладзіміраў, які заявіў, што «пацярпелых і разбурэнняў няма».

Аднак мясцовыя жыхары публікуюць фота і відэа, на якіх відаць моцны пажар у прамзоне. Паводле выдання Astra, загаранне адбылося на тэрыторыі хімічнага камбіната «Азот».

Гэты завод належыць буйной кампаніі «Еўрахім» і з'яўляецца стратэгічным аб'ектам расійскага ваенна-прамысловага комплексу. Reuters пісала, у перыяд з 2022 па 2024 год прадпрыемства актыўна пастаўляла сыравіну для вытворчасці выбухоўкі, якая пасля выкарыстоўвалася пры вырабе артылерыйскіх снарадаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула