БЕЛ Ł РУС

Былы расійскі прадпрымальнік змяняе правілы гульні ў еўрапейскім пераўзбраенні

20.05.2026 / 14:29

Антось Жупран

У Еўропе імкліва набірае моц новы вытворца зброі, здольны кінуць выклік традыцыйным гігантам абароннай прамысловасці. Кампанія Destinus, заснаваная выхадцам з Расіі Міхаілам Какорычам, робіць стаўку на танныя і масавыя дальнабойныя ракеты і дроны. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.

Ракета Ruta Missile Block 1, распрацаваная кампаніяй Destinus, на стэндзе кампаніі падчас першай Еўрапейскай выставы і канферэнцыі абароннай прамысловасці ў Бруселі (BEDEX), 13 сакавіка 2026 года. Фота: Omar Havana / Getty Images

Сучасная еўрапейская абарона сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай — крытычным недахопам уласных сродкаў паражэння далёкага радыуса дзеяння. Сёння рэгіянальны лідар MBDA вырабляе ракеты Storm Shadow/Scalp з далёкасцю каля 500 км, аднак іх запасы застаюцца нізкімі. Міжнародная ініцыятыва Elsa, якая аб’ядноўвае шэсць краін для стварэння новых ракетных сістэм, зможа даць вынікі толькі да 2030‑х гадоў.

Сітуацыю яшчэ больш абвастрыла нядаўняя адмова ЗША ад планаў размясціць у Германіі амерыканскія ракеты Tomahawk. На гэтым фоне ў Еўропе ўсё мацней узнікаюць сумневы ў тым, што кантынент можа і надалей абапірацца выключна на амерыканскую падтрымку ў сферы дальнабойных удараў.

Менавіта ў гэты момант кампанія Destinus, заснаваная выхадцам з Расіі Міхаілам Какорычам, прапанавала сваю мадэль — масавыя і адносна танныя дальнабойныя сістэмы.

Ад звышгукавых самалётаў да дальнабойных ракет

Кампанія была заснаваная ў 2021 годзе для распрацоўкі звышгукавых самалётаў, аднак ужо праз год, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, зрабіла рэзкі паварот у бок абароннага сектара.

З таго часу Destinus ужо вырабіла тысячы дальнабойных дронаў і міні-крылатых ракет Ruta Block 1, якія выкарыстоўваюцца еўрапейскімі ўрадамі і пастаўляюцца ва Украіну. Гэта прывяло нават да таго, што расійскія ўлады ўнеслі кампанію ў спіс магчымых цэляў.

Наступным этапам павінна стаць Ruta Block 2 — сістэма з далёкасцю больш за 700 кіламетраў. Яе вытворчасць да канца года плануюць разгарнуць разам з нямецкім канцэрнам Rheinmetall, адным з найбуйнейшых вытворцаў зброі ў Еўропе. Партнёрства павінна даць Destinus доступ да больш магутнай вытворчай базы і дапамагчы хутка нарошчваць выпуск.

Яшчэ больш амбіцыйным праектам стала Ruta Block 3. Паводле планаў кампаніі, новая сістэма будзе мець далёкасць да 2000 кіламетраў — больш, чым амерыканскія Tomahawk, якія здольныя паражаць цэлі прыкладна на 1600 кіламетраў. Лётныя выпрабаванні павінны пачацца ў наступным годзе.

На думку экспертаў, кампанія мае шанец заняць важнае месца ў еўрапейскім пераўзбраенні. Спецыяліст па вайсковай авіяцыі з Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Дуглас Бары (Douglas Barrie) адзначае, што галоўнай перавагай Destinus стаў рэальны баявы досвед яе сістэм ва Украіне.

Аднак галоўнымі пытаннямі застаюцца: як хутка кампанія зможа маштабаваць вытворчасць, з кім яны аб’яднаюцца і адкуль возьмуць інвестыцыі.

Паводле Какорыча, Destinus ужо ўдзельнічае ў некалькіх еўрапейскіх праграмах па развіцці дальнабойных ударных сістэм, хаця канкрэтныя краіны ён не называе.

Сакрэт значнай таннасці вытворчасці

Какорыч тлумачыць здольнасць Destinus хутка нарошчваць аб’ёмы вытворчасці мадэллю размеркаванай вытворчасці і вертыкальнай інтэграцыяй.

Кампанія вырабляе многія ключавыя кампаненты самастойна, уключаючы турбарэактыўныя рухавікі і боегалоўкі, замест таго каб спадзявацца на доўгі ланцужок пастаўшчыкоў.

Паводле яго слоў, гэтае рашэнне было часткова прынята пад уплывам размовы з Іланам Маскам у 2012 годзе падчас наведвання завода SpaceX.

У Destinus сцвярджаюць, што такі падыход у перспектыве дазволіць выпускаць сістэмы, якія будуць «у дзесяць разоў таннейшыя» за традыцыйныя заходнія аналагі, хаця сам Какорыч прызнае, што дасягнуць гэтага атрымліваецца не заўсёды.

Хто такі Какорыч?

49‑гадовы Міхаіл Какорыч не планаваў будаваць абаронную імперыю. Ён нарадзіўся ў Сібіры ў вельмі сціплых умовах, вызначаўся поспехамі ў фізіцы і матэматыцы і адкрыў свой першы бізнэс яшчэ падчас вучобы ў Новасібірскім дзяржаўным універсітэце.

У пачатку 2000‑х гадоў ён стварыў і купіў некалькі рознічных сетак, пасля чаго заняўся касмічнай індустрыяй. Яго кампанія Dauria Aerospace стала першай прыватнай касмічнай кампаніяй у Расіі. У 2012 годзе Какорыч пакінуў Расію. Ён сцвярджае, што прычынай стала яго падтрымка апазіцыі.

Пасля пераезду ў ЗША Какорыч заснаваў кампанію Momentus, якая займалася касмічнай транспартнай інфраструктурай. Праект падтрымалі вядомыя інвестары, у тым ліку акселератар Y Combinator. Аднак перад выхадам кампаніі на біржу Какорыч быў вымушаны пакінуць пасаду кіраўніка — часткова з-за праблем амерыканскіх рэгулятараў, звязаных з яго тагачасным расійскім грамадзянствам.

Міхаіл Какорыч. Фота: kokorich / linkedin.com

У 2024 годзе прадпрымальнік пагадзіўся выплаціць грамадзянскі штраф у памеры 2 мільёнаў даляраў і атрымаў пяцігадовую забарону займаць кіруючыя пасады ў публічных кампаніях у межах пагаднення з Камісіяй па каштоўных паперах і біржах ЗША. Справа тычылася абвінавачванняў, звязаных з раскрыццём інфармацыі кампаніяй. Пры гэтым Какорыч падкрэсліваў, што не прызнаў сваёй віны.

Пасля пераезду ў Швейцарыю ён заснаваў Destinus. Спачатку кампанія займалася распрацоўкай тэхналогій звышгукавога палёту. Але пасля пачатку вайны ва Украіне канчаткова перайшла да вытворчасці зброі.

Пераход да абаронных праектаў спадабаўся не ўсім: частка першапачатковых інвестараў выйшла з праекта. Аднак іх месца занялі новыя інвестары — пераважна еўрапейскія фонды і сямейныя інвестыцыйныя офісы.

У мінулым годзе штаб-кватэра Destinus была перанесеная ў Нідэрланды. За час існавання кампанія прыцягнула амаль 400 мільёнаў еўра, уключаючы крэдытную лінію на 50 мільёнаў еўра ад нямецкага Commerzbank.

Сёння Destinus мае каля тысячы супрацоўнікаў у некалькіх краінах, ужо працуе з прыбыткам і атрымлівае даходы ў сотні мільёнаў еўра. Паводле крыніц Financial Times, кампанія цяпер спрабуе прыцягнуць яшчэ каля 200 мільёнаў еўра.

Какорыч, які ў 2024 годзе адмовіўся ад расійскага грамадзянства і стаў грамадзянінам Грэнады, не выключае новых буйных здзелак. Destinus ужо супрацоўнічае з банкам Rothschild у пытаннях далейшага развіцця і паглынанняў. У мінулым годзе кампанія дамовілася аб куплі швейцарскага стартапу Daedalean, які распрацоўвае аўтаномныя сістэмы кіравання для авіяцыі.

На думку Какорыча, Еўропа пакуль не мае прамысловага адказу на маштаб удараў, якія Расія наносіць па Украіне. І часу, каб стварыць такую сістэму, застаецца ўсё менш.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула