БЕЛ Ł РУС

Каб Ахмадзінежад перахапіў уладу ў Іране, Ізраіль і ЗША знішчылі ахоўнікаў, якія трымалі яго пад хатнім арыштам

20.05.2026 / 14:06

Антось Жупран

Але план не спрацаваў: вызваліць яго вызвалілі, але дзе цяпер былы прэзідэнт Ірана, ніхто не ведае.

Махмуд Ахмадзінежад. 2 чэрвеня 2024 года. Фота: AP Photo / Vahid Salemi

Як піша The New York Times, яшчэ ў першыя дні вайны Дональд Трамп публічна казаў, што Іранам мусіць кіраваць «хтосьці знутры краіны». Але мала хто мог уявіць, што гаворка ішла менавіта пра Махмуда Ахмадзінежада — былога прэзідэнта Ірана, аднаго з самых жорсткіх і антызаходніх кіраўнікоў у гісторыі краіны.

Чаму Ахмадзінежад?

Як адзначае аўтар матэрыялу, выбар Ахмадзінежада выглядаў надзвычай дзіўным. Хоць апошнім часам ён усё часцей канфліктаваў з кіраўніцтвам краіны і знаходзіўся пад пільным наглядам іранскіх уладаў, падчас свайго прэзідэнцтва з 2005 па 2013 год ён быў вядомы заклікамі «сцерці Ізраіль з карты свету». Ахмадзінежад адмаўляў Халакост, сцвярджаў, што ў Іране «няма ніводнага гея», выступаў на канферэнцыі «Свет без сіянізму» і жорстка душыў унутраныя пратэсты.

У той жа час у апошнія гады Ахмадзінежад усё часцей канфліктаваў з іранскім кіраўніцтвам. Яго тройчы — у 2017, 2021 і 2024 гадах — не дапускалі да прэзідэнцкіх выбараў. Ён адкрыта абвінавачваў улады ў карупцыі і кепскім кіраванні, а яго перамяшчэнні былі моцна абмежаваныя. Рэжым пачаў лічыць яго патэнцыйна дэстабілізуючым элементам.

На думку аўтара, менавіта гэта і зрабіла яго цікавым для ЗША і Ізраіля. Амерыканскія чыноўнікі казалі, што ўнутры іранскага рэжыму ёсць людзі, гатовыя супрацоўнічаць з Вашынгтонам, нават калі іх нельга назваць «умеранымі». Сам Трамп у той час быў задаволены аперацыяй супраць венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура і лічыў, што падобную мадэль можна паўтарыць і ў Іране.

Паплечнік Ахмадзінежада распавёў NYT, што амерыканцы бачылі ў ім чалавека, здольнага кантраляваць «палітычную, сацыяльную і вайсковую сітуацыю» ў Іране. Суразмоўца нават параўнаў яго з Дэлсі Радрыгес, якая ўзяла ўладу ў Венесуэле пасля захопу Мадура амерыканцамі і з таго часу шчыльна супрацоўнічае з Трампам.

Дзёрзкі план

Паводле звестак амерыканскіх чыноўнікаў, ізраільцяне распрацавалі шматэтапны сцэнар звяржэння тэакратычнай улады ў Іране. У яго ўваходзілі масіраваныя авіяўдары ЗША і Ізраіля, забойства вярхоўнага лідара краіны аяталы Алі Хаменеі, выкарыстанне курдскіх сіл супраць іранскай арміі, інфармацыйныя аперацыі і стварэнне ўражання, што рэжым страчвае кантроль над краінай. У выніку, як меркавалася, у Іране павінна была з’явіцца «альтэрнатыўная ўлада».

Адной з ключавых фігур гэтага плана і быў былы прэзідэнт Ірана. Як сцвярджае NYT са спасылкай на амерыканскія крыніцы, гэтая задума была распрацавана ізраільцянамі і папярэдне ўзгоднена з самім Ахмадзінежадам.

Як адзначае NYT, ізраільскі ўдар па доме былога прэзідэнта Ірана ў Тэгеране ў першы дзень вайны меў на мэце не забіць яго, а вызваліць з-пад варты.

Удар наносіўся па пункце аховы на ўездзе ў тупіковую вуліцу, дзе жыў былы прэзідэнт. Сам дом амаль не пацярпеў, але будынак аховы быў знішчаны — гэта пазней пацвердзілі спадарожнікавыя здымкі.

Паводле NYT, загінулі не проста целаахоўнікі Ахмадзінеджада, а супрацоўнікі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія адначасова і ахоўвалі яго, і фактычна трымалі пад хатнім арыштам. Спачатку ў іранскіх медыя нават з’явіліся паведамленні пра смерць былога прэзідэнта, але пасля дзяржаўныя агенцтвы ўдакладнілі, што ён выжыў.

У сакавіцкім артыкуле ў часопісе The Atlantic са спасылкай на ананімных паплечнікаў Ахмадзінежада гаварылася, што былы прэзідэнт быў паспяхова вызвалены з-пад варты пасля ўдару па яго доме. Артыкул апісваў гэта як «фактычную аперацыю па ўцёках з турмы». Гэтую інфармацыю пацвердзіў і паплечнік Ахмадзінежада ў каментары для NYT: экс-прэзідэнт сапраўды ўспрыняў удар як спробу яго вызвалення.

Правал

Аднак аперацыя пайшла не паводле сцэнарыя. Падчас удару Ахмадзінеджад атрымаў раненне. Як піша NYT са спасылкай на паплечніка былога прэзідэнта Ірана, апынуўшыся на валаску ад смерці, ён расчараваўся ў плане змены рэжыму.

Нягледзячы на тое, што яго фактычна вызвалілі, з моманту ўдару Ахмадзінежад больш не з’яўляўся публічна. Яго цяперашняе месцазнаходжанне і стан здароўя застаюцца невядомымі.

Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu via Getty Images

Як падсумоўвае NYT, амаль нічога з ізраільскага плана не атрымалася. Акрамя авіяўдараў і ліквідацыі вярхоўнага лідара, астатнія элементы аперацыі праваліліся. Іранскі рэжым вытрымаў першыя месяцы вайны, а разлікі ЗША і Ізраіля на хуткі крах улады аказаліся памылковымі.

Тым не менш кіраўнік Масада Давід Барнэа ў размовах з калегамі сцвярджаў, што план усё яшчэ меў «вельмі высокія шанцы на поспех», калі б яго дазволілі рэалізаваць да канца.

Як піша NYT, дагэтуль незразумела, якім чынам Ахмадзінеджада ўцягнулі ў гэты план. Прэс-сакратар Масада адмовіўся ад каментароў.

Чытайце таксама:

Вайна ў Іране пагражае апошнім азіяцкім гепардам — навукоўцаў вінавацяць у шпіянажы

Рэжым у Іране змяніўся — прычым у горшы бок

Камандуючы элітнага іранскага спецназа працаваў на Ізраіль? Кажуць, ён саскочыў з сустрэчы ў Хаменеі за паўгадзіны да ўдару

Каментары да артыкула