БЕЛ Ł РУС

Былы дырэктар аэрадрома «Орша» знайшоўся ў набліжанага да Лукашэнкі бізнэсмена

20.05.2026 / 14:06

Nashaniva.com

Бізнэсмен Сяргей Цяцерын арганізаваў прытулак для карупцыянераў — ён збірае звольненых чыноўнікаў у сваіх праектах пад Александрыяй, заўважыў канал «Віцебск, я гуляю».

Набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсмен Сяргей Цяцерын працягвае працаўладкоўваць былых кіраўнікоў і чыноўнікаў, якія страцілі пасады праз крымінальныя справы.

«Віцьбічы» апублікавалі матэрыял, дзе расказалі, што былы дырэктар аэрадрома «Орша» Мікалай Чарвінскі цяпер працуе намеснікам кіраўніка СФГ «Старт ТС», якое належыць набліжанаму да Лукашэнкі Сяргею Цяцерыну.

Восенню 2025 года стала вядома, што Чарвінскі стаў фігурантам крымінальнай справы: яго вінавацілі ў выкарыстанні падначаленых на ўласным лецішчы. Неўзабаве ён быў звольнены. І вось ён цяпер знайшоўся ў добрым месцы.

Цяцерын ужо не ўпершыню дае прытулак кіраўнікам з карупцыйным шлейфам. У яго рэзідэнцыі пад Копыссю паспелі трапіць былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Андрэй Канстанцінаў і былы дырэктар Глыбоцкага МКК Сяргей Сарагавец.

Былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Андрэй Канстанцінаў працуе ў тым жа «Старт ТС» памочнікам кіраўніка. Ён вылецеў з дзяржслужбы і трапіў пад крымінальны пераслед па карупцыйным артыкуле. У 2023 годзе Канстанцінава судзілі паводле карупцыйнага артыкула — яму далі 4 гады ўмоўна. Пры гэтым санкцыя гэтага артыкула звычайна прадугледжвае і забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Яшчэ адзін экс-кіраўнік з крымінальным шлейфам — былы дырэктар Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната Сяргей Сарагавец, узначаліў праекты Цяцерына ў пасёлку Копысь, які афіцыйна лічыцца радзімай Лукашэнкі.

Раней Сарагавец выклікаўся ў суд па справе аб прычыненні шкоды прадпрыемству, піша тэлеграм-канал. Цяпер ён кіруе зарэгістраванай ім кампаніяй «Мілккоп старт», якая спачатку аднавіла працу мясцовага сыраробнага завода, а нядаўна адкрыла пякарню.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула