Брытанія змякчыла нафтавыя санкцыі супраць Расіі ўслед за ЗША
Брытанія стала першай заходняй дзяржавай, якая падтрымала ЗША ў паступовай адмене заходніх санкцый супраць Расіі за ўварванне ва Украіну.
Тэрміналы з нафтай у Лондане. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
Маштабы паслабленняў адносна сціплыя з-за параўнальна невялікага аб’ёму брытанскай эканомікі, аднак рашэнне ўрада Кіра Стармера мае палітычнае значэнне, піша Бі-бі-сі.
ЗША аслабілі санкцыі супраць Крамля адразу пасля таго, як Іран у адказ на напад закрыў Армузскі праліў і пазбавіў свет 13% нафты і 17% газу. Каб стрымаць рост сусветных цэн, адміністрацыя Дональда Трампа дазволіла трэцім краінам — перадусім Індыі і Кітаю — купляць расійскую нафту.
У панядзелак Белы дом ужо трэці раз працягнуў «часовыя» паслабленні, а вечарам таго ж дня найбліжэйшы саюзнік ЗША — Вялікабрытанія — далучылася да гэтай кампаніі.
Брытанскія ўлады дазволілі імпарт дызельнага паліва і авіяцыйнага керасіну, вырабленых з расійскай нафты ў трэціх краінах, а таксама знялі абмежаванні на аказанне паслуг двум расійскім газавым праектам: «Сахалін-2» і «Ямал ЗПГ». Цяпер брытанскія кампаніі могуць страхоўваць і крэдытаваць пастаўкі звадкаванага газу з Расіі ў трэція краіны, а таксама перавозіць яго марскім шляхам.
Паслабленне амерыканскіх і брытанскіх санкцый часова змякчыць энергетычны крызіс ва ўсім свеце, паколькі часткова кампенсуе дэфіцыт паліва, аднак галоўнымі бенефіцыярамі стануць Расія, Кітай і Індыя.
Да іранскай вайны Расія скарачала экспарт свайго галоўнага тавару і губляла даходы праз амерыканскія другасныя санкцыі супраць пакупнікоў расійскай нафты. Іх адмена дазволіла Крамлю зарабіць на вайну супраць Украіны і залатаць дзірку ў бюджэце.
Індыя, у сваю чаргу, такім чынам змагла пазбегнуць маштабнага дэфіцыту нафтапрадуктаў, бо ў краіне амаль няма запасаў сыравіны, а закупляе яна яе пераважна ў Персідскім заліве.
У Кітая запасаў шмат, аднак ён таксама страціў ключавога пастаўшчыка нафты з-за блакады Армузскага праліва, і расійская нафта прыйдзецца як ніколі дарэчы, паколькі схемы яе закупак даўно наладжаныя, а аднавіць іх пасля адмены амерыканскіх санкцый можна хутка і без праблем.