БЕЛ Ł РУС

Чарговая ўдзельніца «Міс Беларусь» уладкавалася на працу на СТБ

20.05.2026 / 16:20

Арына Жураўская

Вераніка Рум (у дзявоцтве Каробка) на «Міс Беларусь» трапіла з трэцяй спробы. Кароны не атрымала, затое жыццё прыгажуні пасля склалася даволі паспяхова. Цяпер жа яна пахвалілася ў сацсетках, што будзе расказваць навіны на тэлебачанні.

Вераніка Рум (Каробка). Тут і далей фота з яе інстаграма

Вераніка нарадзілася ў Нясвіжы. У школе настаўніцы называлі сімпатычную дзяўчыну мадэллю. Але бацькі былі супраць такой кар'еры і настаялі, каб дачка пайшла вучыцца на юрыдычны факультэт БДУ.

У Мінску Вераніка кінулася штурмаваць кастынгі, але без асаблівага поспеху. На «Міс Беларусь» прабілася з трэцяй спробы — у 2016 годзе. У выніку трапіла ў топ-10 і атрымала квіток у шыкоўнае жыццё.

Спачатку яна стала афіцыйным тварам футбольнага клуба «Гарадзея». Вераніку пачалі клікаць вядучай на дзяржаўныя мерапрыемствы — кшталту Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Пасля яна атрымала ролю ў кліпе гурта «Цягні-Штурхай» — грала страшную сакратарку Паўла Клышэўскага (той быў у вобразе дэпутата).

У 2017 годзе дзяўчына паехала ў Турцыю на конкурс прыгажосці «Міс 7 кантынентаў». Пра дзіўную сістэму ацэньвання там Вераніка распавядала ў інтэрв'ю: маўляў, журы глядзела нават на тое, колькі кактэйляў канкурсантка можа выпіць падчас вячэры. А саму яе ледзь не дыскваліфікавалі праз тое, што Вераніка хацела сустрэцца з сябрам. Але ў выніку дзяўчына атрымала карону.

Пасля здымалася для розных брэндаў, шмат вандравала па Еўропе — распавядала ў інстаграме, як моцна яе расчаравала Манака. А таксама публікавала фотаздымкі з прыватных самалётаў.

У 2021 годзе Вераніка выйшла замуж за бізнэсмена Дзяніса Рума. Дарэчы, разам з ім заклікала пайсці прагаласаваць за Лукашэнку на апошніх выбарах.

Вераніка з мужам Дзянісам Румам

У 2024 годзе запусціла сваю мадэльную школу Rum Models. А цяпер пахвалілася, што ўладкавалася на тэлебачанне. Вераніка апублікавала ў сацсетках здымак з подпісам: «Цяпер галоўныя падзеі краіны — маім голасам. Ваша вядучая навін на СТБ».

Дарэчы, там ужо працуюць іншыя ўдзельніцы любімага конкурсу прыгажосці Лукашэнкі — Элеанора Качалоўская (міс Беларусь — 2023) і Настасся Лаўрынчук (віцэ-міс Беларусь — 2018).

Чытайце таксама:

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Дзве дзяўчыны з кавуновага батальёна Лукашэнкі запусцілі свой брэнд адзення. Здаецца, не ў Беларусі

Марыя Васілевіч нарэшце знайшла працу. З яе спрабуюць зрабіць замену Маляванычу

Каментары да артыкула